Удзел у Дні беларускага пісьменства, ці двухдзённая камандзіроўка ў Івацэвічы

04.09.2024
Наш народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа разам з літаратурнымі музеямі ўстаноў адукацыі краіны ўдзельнічаў у XXXI Дні беларускага пісьменства.

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Сёлета свята было арганізавана ў Івацэвічах.

Наш народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа разам з літаратурнымі музеямі ўстаноў адукацыі краіны ўдзельнічаў у XXXI Дні беларускага пісьменства. 

Выстава музеяў размяшчалася на літаратурнай пляцоўцы ,,Мой край - мой гонар”. Наша экспазіцыя “Жывуць успаміны над берагам Піны” была цікавай як па змесце, так і па афармленні. Таму госці і ўдзельнікі свята не маглі прайсці міма нашага вядомага музея. Прыцягвала ўвагу гасцей і фотазона “Пінкавічы. Лабановіча кватэра. Асаблівасць інтэр'ера”.

У наша творчае “меню” яшчэ ўваходзіў тэатр па-Коласу “А дома з дзецьмі была маці...”, хор паводле Канстанціна Міцкевіча “Чаму ж мне не пець... ”.

Вельмі прыемна было пачуць: “А мы ў вас былі!”,  “Мы вас бачылі па тэлебачанні!”, “Мы ж сустракаліся на конкурсе!”... Ну і самы адказны і хвалюючы момант - гэта наведванне нашай лакацыі дэлегацыяй высокапастаўленых асоб.

І абласныя, і рэспубліканскія кіраўнікі далі высокую адзнаку нашай выставе. Юныя экскурсаводы Ганна Кахновіч і Ліза Верыч інтэрактыўна прадстаўлялі нашу экспазіцыю.           Што мы прывезлі з творчай вандроўкі? Шмат чаго. Напрыклад, 

каштоўныя фотаздымкі з  міністрам інфармацыі Маратам Маркавым, з папулярным ансамблем “Песняры”, з прадстаўнікамі замежных дэлегацый і іншыя ўдалыя фотаімгненні. Прывезлі шмат станоўчых эмоцый і ідэй для далейшых дасягненняў.

Спадзяемся, што геаграфія наведвальнікаў музея будзе пашырацца. Бо   нашы візітоўкі разышліся па ўсёй краіне.

 

                                                                               Метадыст  Жанна Верыч

 

Фотогалерея:

поделиться в: