XXXI Дзень беларускага пісьменства
03.09.2024У нашай выставачнай лакацыі ўсе госці свята маглі пазнаёміцца з кніжным праектам выдання чатырохтомніка “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі», даведацца пра творчасць Яўгеніі Янішчыц, пазнаёміцца з працай музея, патрымаць у руках асабістыя рэчы паэтэсы. Таксама наведвальнікі маглі пачуць голас Яўгеніі Янішчыц. Шчырыя і пранікнёныя паэтычныя радкі, прысвечаныя роднай зямлі і людзям, якія жывуць на ёй, не пакінулі абыякавым ніводнага з гасцей выставы.
На працягу ўсяго Дня беларускага пісьменства пляцоўка народнага літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц станавілася месцам сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі, членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі і аматарамі яе паэзіі. У першы святочны дзень выставу наведала дэлегацыя на чале з намеснікам прэм'ер-міністра краіны Ігарам Петрашэнкам. Беларуская паэтэса Алена Котава, якая захапляецца паэзіяй Яўгеніі Янішчыц, падарыла свою кнігу паэзіі “Бабуліны рукі”.
Юным наведвальнікам было цікава паўдзельнічаць у прапанаваных намі інтэрактыўных гульнях «Збяры і прачытай верш», «Угадай літару на вобмацак”, “Збяры пазл».
Цікава было і дарослым, і дзецям.
Дзень беларускага пісьменства пакінуў яркія і незабыўныя ўражанні не толькі ў наведвальнікаў выставы, але і ў нас, удзельнікаў.
Цудоўнае свята паказала, што захаванне традыцый, якія былі закладзены нашымі продкамі, з'яўляецца асновай паважлівага стаўлення да будучыні, а кніга - менавіта той "прадукт", які пераходзіць з пакалення ў пакаленне, а літаратурныя музеі захоўваюць памяць на стагоддзі.