Ясельда, Піна, Мерачанка… Школьнікі Піншчыны летам адпраўляюцца ў захапляльныя байдарачныя паходы
26.06.2024Майстар веславання
Шэсць гадоў назад дзякуючы ўдзелу ў міжнародным праекце Пінскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі атрымаў 10 новых трохмесных байдарак. Гэта дало выдатную магчымасць пачаць на сучасным узроўні развіваць байдарачны турызм. Піншчына славіцца сваёй густой воднай сеткай: тут працякае каля 20 рэк і рачулак, а яшчэ ёсць каналы, азёры, сажалкі, вадасховішчы. Адным словам, развярнуцца аматарам водных вандровак ёсць дзе.
Па тэрыторыі Пінскага раёна працякае каля 20 рэк і рачулак, а яшчэ ёсць каналы, азёры, сажалкі, вадасховішчы.
Пашанцавала мясцовай дзятве не толькі з прыроднымі, але і з чалавечымі рэсурсамі. Іх галоўным настаўнікам у турыстычным цэнтры з’яўляецца педагог дадатковай адукацыі Анатоль Сергеюк, які прысвяціў турызму амаль 40 гадоў жыцця, з байдаркамі ж з дзяцінства на ты.
— У школьныя гады я займаўся ў дзіцяча-юнацкай секцыі па веславанні на байдарках, якая дзейнічала на базе адной з вяслярных баз Пінска, — расказвае Анатоль Мікалаевіч. — Трэніроўкі былі амаль кожны дзень. Але імі ўсё не абмяжоўвалася. Калі трэнер даведаўся, што мой дом стаіць на беразе Піны, ён выдзеліў мне байдарку, каб я на ёй плаваў на трэніроўкі і назад.
Падлеткам педагог выйграваў юніёрскія спаборніцтвы па гэтым відзе спорту на ўзроўні горада і вобласці. А падчас вучобы ў Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А.С.Пушкіна ўваходзіў у юнацкую зборную БССР па веславанні на байдарках, удзельнічаў ва ўсесаюзных спаборніцтвах.
У студэнцкія гады Анатоль Сергеюк захапіўся турызмам, пачаў хадзіць у паходы ў горы. Дзе толькі не пабываў за сваё жыццё! На Каўказе, Алтаі, у Крыме, Карпатах, Заходніх Саянах… Дарэчы, застаецца верным свайму захапленню да гэтага часу. Кожнае лета падчас водпуску адпраўляецца ў новую горную вандроўку. Плануе чарговы паход і сёлета.
Свой працоўны шлях Анатоль Мікалаевіч пачаў у сярэдзіне 80-х гадоў як настаўнік фізічнай культуры ў Пласкінскай школе Пінскага раёна. Калегі хутка даведаліся пра яго захапленне турызмам, і яму даручылі весці турыстычны гурток. А неўзабаве гэтая сцежка прывяла педагога ў раённы цэнтр турызму і краязнаўства, дзе ён змог ужо мэтанакіравана заняцца далучэннем дзяцей і моладзі да захапляльнага свету вандровак.
Хто куды, а мы — у паход
За гады работы Анатоль Сергеюк разам са сваімі выхаванцамі ажыццявіў вялікую колькасць пешых паходаў па родным краі. Выбіраліся нават у горныя масівы Карпат і Крыма. Цяпер перавага летам аддаецца менавіта байдарачным паходам. Для дзяцей байдаркі — штосьці зусім новае, з чым не сутыкаешся ў штодзённым жыцці, і гэта іх прываблівае. Плыць па вадзе лягчэй, чым ісці пешшу з рукзаком за плячыма. А эмоцыі і ўражанні ад вандровак водным шляхам вельмі яркія.
— Заўсёды звяртаю ўвагу дзяцей на тое, што пейзажы ўздоўж нашых невялікіх рачулак у нечым можна параўнаць з дзікай прыгажосцю берагоў Амазонкі. Ледзь адплываеш ад населенага пункта — і трапляеш у свет абсалютна некранутай чалавекам прыроды. Ціха, спакойна, неверагодна прыгожа, — дзеліцца суразмоўнік.
Да паходаў школьнікі пад кіраўніцтвам педагогаў рыхтуюцца загадзя. На працягу года ўсе, хто хоча стаць юным турыстам, займаюцца ў адпаведных аб’яднаннях па інтарэсах, якія дзейнічаюць у многіх сельскіх школах раёна. Чатыры такія гурткі вядзе Анатоль Мікалаевіч: “Азімут” у Ахоўскай школе, “Узыходжанне” — у Малоткавіцкай, “Юныя турысты” — у Пінкавіцкай і Плешчыцкай. Займаюцца школьнікі як на базе сваіх школ, так і непасрэдна ў турыстычным цэнтры. Дарэчы, нядаўна ён быў перабазіраваны на новае месца і цяпер размяшчаецца ў больш сучасным будынку ў вёсцы Пінкавічы.
Падчас заняткаў дзеці вучацца ставіць палаткі, разводзіць вогнішча, выкарыстоўваць розныя турыстычныя прылады, вязаць вузлы, лазіць па вяроўках і г.д. Калі паблізу школы ёсць рака ці возера, на іх школьнікі спасцігаюць майстэрства кіравання байдаркамі. Калі вадаёма няма, супрацоўнікі турыстычнага цэнтра ладзяць для дзяцей выязныя трэніроўкі.
На правільнай хвалі
Звычайна ў водны паход групы ідуць на 3—4 дні. Дзеці збіраюцца рознаўзроставыя, пачынаючы з чацвёртакласнікаў, з 1—2 школ раёна. Акрамя Анатоля Сергеюка, навучэнцаў заўсёды суправаджае яшчэ адзін педагог. Перамяшчаюцца на байдарках па два чалавекі ў кожнай, усе абавязкова ў выратавальных камізэльках. Прывалы і начлегі ладзяцца на беразе ракі. Перад першым паходам некаторыя дзеці хвалююцца, ці не прыйдзецца ім спаць у байдарках. Вядома ж, такое не практыкуецца, начуюць усе ў палатках. Іх перавозяць разам з рукзакамі на трэцім свабодным месцы лодкі.
Дзіцячыя групы здзяйсняюць як аднадзённыя паходы, так і вандроўкі на 3—4 дні.
Падчас спуску па рацэ дзеці маюць унікальную магчымасць адчуць адзінства з прыродай, натхніцца ёй. Сустракаецца шмат беласнежных лебедзяў, прычым птушкі, на радасць юных турыстаў, падпускаюць іх да сябе даволі блізка. То ўзлятаюць, то зноў садзяцца недалёка ад вандроўнікаў пужлівыя качкі. Можна пабачыць, як падсілкоўваюцца паблізу берага чаплі ці шумна ныраюць у ваду бабры.
Нікога не пакідае абыякавым і разнастайны раслінны свет. Задумліва схіляюцца над воднай роўняддзю вербы, і часам для таго, каб праплыць міма, трэба адхіляць іх галінкі рукамі. Уздоўж ракі радуюць яркімі колерамі лугавыя кветкі, а на вадзе як быццам ляжыць дыван з белых і жоўтых гарлачыкаў. Дарэчы, кожны юны ўдзельнік паходу ведае, што любавацца гэтымі чырванакніжнымі кветкамі можна, а рваць — не. Падчас заняткаў у турыстычных гуртках яны цвёрда засвоілі пасыл педагогаў: любоў да прыроды непарыўна звязана з клопатам аб ёй.
Увечары пасля цікавага і насычанага дня дзеці вельмі любяць сядзець ля вогнішча, дзяліцца ўражаннямі, расказваць гісторыі, гуляць у розныя гульні. З апетытам яны з’ядаюць звараную на адкрытым агні ежу, тую ж грэчку з тушонкай, хаця да гэтага некаторыя сцвярджалі, што такое не ядуць.
Па словах педагога, ніхто не ўхіляецца ад работы, звязанай з фунцыянаваннем палатачнага лагера. Наадварот, з ахвотай напрацоўваюць турыстычныя бытавыя навыкі. Нават спаборнічаюць, хто хутчэй разаб’е палатку ці смачней згатуе ежу. Старэйшыя дзеці прыглядваюць за малодшымі, усе дапамагаюць адно аднаму.
— Лічу, што і пешыя, і байдарачныя паходы вельмі шмат даюць дзецям. Яны становяцца больш самастойнымі, адказнымі, бо мамы і таты побач няма, усё даводзіцца рабіць самім. Атрымліваюць карысныя навыкі работы ў камандзе. А яшчэ гэта выдатная трэніроўка характару. Калі стаміўся, вясло не кінеш, трэба трымацца і плыць разам з усімі. Дзеці вучацца пераадольваць сябе, ісці наперад да пастаўленай мэты, — дзеліцца меркаваннем педагог.
Гэтым летам плануецца ажыццявіць тры байдарачныя паходы працягласцю ў некалькі сутак. А наведвальнікаў прышкольных летніх лагераў Ахоўскай і Малоткавіцкай школ, на зменах якіх працуе Анатоль Сергеюк, чакае невялікі аднадзённы сплаў на байдарках па рацэ Піне.
12 ліпеня адбудзецца асаблівы водны паход, які прысвечаны подзвігу герояў — вызваліцеляў краю ад нямецка-фашысцкай навалы. Менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе экіпаж бранякатара БК-154 змог высадзіць на бераг каля вёскі Пачапава 45 дэсантнікаў, але сам прыняў няроўны бой з ворагам і загінуў. Ужо стала традыцыяй менавіта 12 ліпеня праплываць на байдарках каля кіламетра па апошнім шляху бранякатара, а потым праводзіць памятны мітынг ля помніка маракам. Удзел у гэтым мерапрыемстве прымаюць школьнікі, педагогі, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна. Сёлета такі водны паход пройдзе чацвёрты раз.
Што і казаць, развіццё байдарачнага турызму разам з іншымі кірункамі работы раённага турыстычнага цэнтра вельмі спрыяе таму, каб падрастаючае пакаленне было на правільнай хвалі.