Чаму нават летам не зарастае народная сцежка ў музей Парэцкай базавай школы імя Яўгеніі Янішчыц
14.06.2024Тут дужэлі крылы
Важная справа — музей стварыць, не менш важная — захаваць яго па-сапраўднаму жывым і цікавым. Бывае так, што сыходзіць стваральнік музея, які ім жыў і гарэў, і гэтае месца быццам пакідае душа. На шчасце, са школьным музеем Парэцкай базавай школы імя Яўгеніі Янішчыц, што на Піншчыне, такога не адбылося. Больш за 20 гадоў яго ўзначальвала настаўніца Антаніна Паўлаўна Сідарук, якая вучылася з будучай зоркай беларускай паэзіі ў адной школе, шмат зрабіла разам з аднадумцамі для стварэння дастойнай экспазіцыі ў яе гонар, для захавання памяці аб непаўторнай палескай кнігаўцы. Сёння педагог на заслужаным адпачынку, а яе справу з усёй шчырасцю і неабыякавасцю працягвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вікторыя Мілеўская.
Вікторыя Іванаўна працуе ў Парэцкай школе чацвёрты год. Яна вопытны педагог, мнагадзетная маці. Жыве ў Пінску, таму дабірацца да работы ёй штодзень даводзіцца больш чым 30 кіламетраў. Але, як упэўнена педагог, яно таго варта. У гэтай школе, калідоры і кабінеты якой памятаюць лёгкія крокі юнай Яўгеніі Янішчыц, пануе па-асабліваму цёплая, творчая атмасфера. І гэта выдатны падмурак для работы і прафесійнага развіцця.
— Калі два гады назад мне прапанавалі ўзначаліць школьны музей, я пагадзілася. Было крыху боязна, бо раней ніколі не займалася такой работай, не мела вопыту правядзення экскурсій. Але мне вельмі імпануе асоба Яўгеніі Янішчыц, яе пранікнёная творчасць. І я вырашыла, што пры падтрымцы калег і кіраўніцтва школы ўсё абавязкова атрымаецца, — адзначае мая суразмоўніца.
З біяграфіяй і творчасцю паэтэсы Вікторыя Іванаўна знаёма даўно. У адпаведнасці са школьнай праграмай яна прадстаўляе вучням 5 класа цудоўны верш Яўгеніі Янішчыц “Мова”, а вучням 9 класа — яе біяграфію і жамчужыны інтымнай лірыкі. Калі прыйшла працаваць у Парэцкую школу, настаўніца значна паглыбіла свае веды аб зямлячцы. Засвоіла багатыя напрацоўкі першага кіраўніка музея Антаніны Сідарук. Прачытала дадатковую літаратуру. Пазнаёмілася з людзьмі, якія асабіста ведалі паэтэсу, з членамі яе сям’і. І цяпер яна актыўна выкарыстоўвае сабраны матэрыял у рабоце.
Вікторыя Мілеўская: Кожным яе вершам зачытваешся. У кожным ёсць пэўная філасафічнасць, глыбіня, праўда жыцця. Нават у тых, якія паэтэса пісала юнай дзяўчынай
“Пачынаецца ўсё з любві…”
Гэты музей — сэрца выхаваўчай работы з вучнямі. Тут яны вучацца любіць роднае слова і краіну, паважаць нашу гісторыю, ганарыцца сваімі землякамі, задумваюцца аб тым, як важна пакінуць на зямлі свой след. У музеі праводзяцца экскурсіі для навучэнцаў усіх узростаў, музейныя ўрокі, святочныя мерапрыемствы, праходзяць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Юныя экскурсаводы”, ладзяцца тэматычныя сустрэчы, літаратурныя гасцёўні, квесты і нават паэтычныя батлы.
У лістападзе мінулага года ў школе святкавалі 75-годдзе з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц, якая, на жаль, пайшла з жыцця ўсяго ў 40 гадоў. Была арганізавана літаратурна-музычная гасцёўня “Пачынаецца ўсё з любві…”, на якую сабраліся члены яе сям’і, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Пінскага раёна, вучні і педагогі Парэцкай школы, работнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яўгеніі Янішчыц, члены клуба літаратараў Піншчыны “Пінчукі”. Працавала выстава кніг беларускіх паэтаў і пісьменнікаў са словамі-пажаданнямі Яўгеніі Іосіфаўне ад аўтараў. Госці мерапрыемства з задавальненнем слухалі вершы паэтэсы і песні на яе словы ў выкананні як дарослых прыхільнікаў яе паэзіі, так і дзяцей.
Дарэчы, вучні Парэцкай школы не толькі выдатна ведаюць вершы сваёй знакамітай зямлячкі, але і самі спрабуюць сябе ў творчасці. Штогод яны паспяхова ўдзельнічаюць у раённым конкурсе пачынаючых паэтаў і празаікаў “Дэбют”. Так, на сёлетнім конкурсе, вынікі якога падвялі вясной, занялі два прызавыя месцы. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі навучэнкі Аляксандра Гайдук і Ксенія Баран. Хутка іх творы ў ліку іншых пераможцаў будуць надрукаваны ў зборніку, які штогод выдае Пінскі раённы вучэбна-метадычны кабінет.
Увогуле, парэцкія навучэнцы ахвотна ўдзельнічаюць у самых розных творчых спаборніцтвах і мерапрыемствах. Летась на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” шасцікласнік Мікалай Гусціновіч атрымаў дыплом ІІ ступені. А нядаўна чацвёртакласнік Андрэй Шапялевіч прэзентаваў на раённай канферэнцыі (конкурсе даследчых работ) “Першыя крокі ў навуку” сваю даследчую работу “Пуцявінамі маёй зямлячкі”.
У музей прыязджае шмат гасцей. Часцей за ўсё гэта мясцовыя школьнікі і навучэнцы пінскіх каледжаў. У мінулым навучальным годзе ў рамках пілотнага праекта Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры музей Яўгеніі Янішчыц стаў адным з аб’ектаў, дзе былі арганізаваны экскурсіі для дзесяцікласнікаў усіх школ Пінскага раёна.
Ужо не першы год музей наведвае група навучэнцаў і іх кіраўнік з сярэдняй школы № 9 Пінска, якія вандруюць па малой радзіме на веласіпедах. Даўно пралажылі сюды сцяжынку і дзеці, якія адпачываюць летам у лагерах на базе школ і ў раённым загарадным лагеры “Парэчча”. Прыязджаюць ваеннаслужачыя тэрміновай службы на чале з камандзірамі. Нярэдкія госці тут таксама педагогі, дзеці і моладзь з іншых раёнаў Брэсцкай вобласці.
Нядаўна ў музеі прайшоў паэтычны батл вучняў школ з Парэчча і Брэста. Кожны ўдзельнік у сваім выступленні паказаў, як ён адчувае вершы Яўгеніі Янішчыц.
— Падчас экскурсій імкнуся абудзіць у маладога пакалення цікавасць да творчасці нашай зямлячкі, бо шчыра лічу, што паэзія Яўгеніі Янішчыц дапамагае стаць больш чулымі адно да аднаго, — адзначае Вікторыя Мілеўская. — Тое, што паэтэса родам з Піншчыны, хадзіла тымі ж сцежкамі і сядзела за такімі ж партамі, што і юныя наведвальнікі музея, робіць яе бліжэйшай да іх. Яны слухаюць, задаюць пытанні — часцей за ўсё пра яе школьныя гады, а таксама пра заўчасную трагічную смерць.
Нярэдка наведваюць музей і дарослыя, якім блізкая творчасць палескай кнігаўкі. Прыязджае хто паасобку, хто сем’ямі ці кампаніямі сяброў. Нядаўна зазірнулі члены краязнаўчага гуртка з Гомеля. Не зарастае народная сцежка ў музей і летам. Трапіць на экскурсію можна па папярэдняй дамоўленасці, патэлефанаваўшы ў школу.
“…Прыедзь у край мой ціхі, // Тут продкаў галасы, // Тут белыя бусліхі // І мудрыя лясы”, — з цеплынёй пісала Яўгенія Янішчыц аб сваёй малой радзіме.
“Чую тваю жаўруковую музыку // Ў скошаных травах мурожных, // Мова! Як сонца маё беларускае, // Ты свецішся словам кожным”, — усхваляла паэтэса родную мову.
“Ты пакліч мяне. Пазаві. // Там заблудзімся ў хмельных травах. // Пачынаецца ўсё з любві, // Нават самая простая ява”, — а гэта ўжо аб прыгажосці чалавечых пачуццяў.
Менавіта праз такія вобразы і трэба размаўляць з моладдзю аб важных для ўсіх нас рэчах. Вельмі каштоўна, што ў Парэцкай школе ёсць гэтае асаблівае месца для шчырых сустрэч і гутарак.
Даведка
У музеі сабрана шмат эксклюзіўных фотаздымкаў, дакументаў, гуказапісаў, асабістых рэчаў Яўгеніі Янішчыц. Можна даведацца аб яе дзяцінстве, бацьках, школьных настаўніках, першых пробах пяра, узлётах і цяжкасцях жыццёвага і творчага шляху. Тут захоўваецца вэлюм, у якім яна выходзіла замуж, вышыты яе рукой абрус на стол і саматканая посцілка, элементы вопраткі і абутку, наручны гадзіннік, пацеркі, люстэрка… І ўсе зборнікі паэзіі Яўгеніі Янішчыц — пачынаючы ад першага, рукапіснага, які яна склала яшчэ школьніцай.
Музейная экспазіцыя была створана дзякуючы родным паэтэсы, яе школьнаму настаўніку Фёдару Цудзілу, аднакласнікам, сябрам і калегам.