Як у школах Піншчыны захоўваецца памяць аб мараках-дняпроўцах, якія вызвалялі край у ліпені 1944-га

13.06.2024
Пінск — адзін з нямногіх беларускіх гарадоў, у вызваленні якіх ад фашысцкай акупацыі прымалі ўдзел маракі. Памяць аб іх подзвігу захоўваецца сёння ў школьных музеях, а дзеці з гонарам апранаюць на святочныя мерапрыемствы марскія гюйсы і бесказыркі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пінскі дэсант 

Стаўку на вызваленне Пінска ў 1944-м з дапамогай маракоў савецкае камандаванне зрабіла не выпадкова. Гэты горад на злучэнні рэк Прыпяці і Піны мае даўнія ваенна-марскія традыцыі, якія былі закладзены яшчэ паплечнікамі Пятра I ў XVIII стагоддзі. У 1940—1941 гадах Пінск быў асноўнай базай Пінскай ваеннай флатыліі, яе маракі мужна змагаліся з фашысцкай навалай у пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Калі летам 1944 года пачалася аперацыя “Баграціён”, сфарміраванай на хвалі наступлення Дняпроўскай ваеннай флатыліі адвялі ў вызваленні Пінска асаблівую ролю.

У ноч на 12 ліпеня 1944 года да набярэжнай Піны скрытна падышлі рачныя караблі з 600 байцамі на борце. Фашысты высадку нашага дэсанта, што называецца, праспалі. Пад покрывам ночы дэсантнікі захапілі шэраг будынкаў, уключаючы чыгуначны вакзал. Закідалі гранатамі казіно, дзе весяліліся нямецкія афіцэры. Вызвалілі вязняў лагера для савецкіх ваеннапалонных, і тыя далучыліся да іх.

Задача захапіць плацдарм была бліскуча выканана, далей трэба было ўтрымліваць яго да падыходу асноўных сіл. Нашы байцы мужна адбівалі контратакі праціўніка, змагаючыся за кожны будынак і кавалак зямлі. З ракі іх падтрымлівалі агнём бранякатары, так званыя рачныя танкі, якія мелі падобную на танкавую вежу з гарматай і кулямёты. Нягледзячы на тое, што днём немцы ўжо трымалі раку пад кантролем, нашы судны змаглі даставіць на падмогу другі эшалон дэсанта. На жаль, пры гэтым 4 баявыя караблі былі падбіты. Нарэшце раніцай 14 ліпеня ў Пінск прарваліся войскі 61-й арміі, і разгром ворага быў завершаны. Дарэчы, далей флатылія прымала ўдзел у вызваленні гарадоў Еўропы, узяцці Берліна. Пасля вайны пачала дыслацыравацца ў Пінску.

За вызваленне Пінска 10 маракоў атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, сама Дняпроўская ваенная флатылія — ордэн Чырвонага Сцяга.

Аб гэтых і іншых старонках слаўнай гісторыі Пінскай і Дняп­роўскай ваенных флатылій расказвае сёння народны музей у сярэдняй школе № 1 Пінска. Пераважная большасць яго экспанатаў перайшла сюды з музея, які ў савецкія гады размяшчаўся ў мат­роскім клубе пры I Вучэбным атрадзе Ваенна-Марскога флоту СССР, расфарміраваным у 90-я гады. Унікальная экспазіцыя гістарычных дакументаў, фотаздымкаў, карцін, рарытэтаў, мадэлей баявых караблёў вельмі ўражвае. Тут і даросламу цяжка ўтрымацца, каб не пакруціць сапраўдны штурвал баявога бранякатара часоў Вялікай Айчыннай вайны, зазірнуць у яго компас, пастукаць на тэлеграфным апараце Морзэ. А што гава­рыць пра дзяцей.

— Наш музей — гэта цэнтр выхаваўчай работы. Школа вялікая, каля 1,6 тысячы навучэнцаў, толькі 1-х класаў дзевяць. І для дзяцей кожнага ўзросту праводзім свае экскурсіі, музейныя ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы, — адзначае захавальнік музейных фондаў настаўнік гісторыі Сяргей Цярлецкі. — Мы выхоўваем дзяцей на прыкладзе пераможцаў, заўсёды робім акцэнт на тым, што нашы гераічныя салдаты і матросы змаглі адолець вельмі сур’ёзнага ворага, выратавалі свет ад фашызму.

Па яго словах, дзеці з цікавасцю слухаюць аповеды аб подзвігах маракоў флатыліі, якіх фашыс­ты за адчайную бясстрашнасць называлі чорнымі д’ябламі. Захоп­лена разглядаюць старыя фота­здымкі, з якіх смела, дзёрзка глядзяць прадстаўнікі рачной гвардыі, сапраўдныя героі, на якіх хочацца раўняцца. Асабліва кранае дзяцей гісторыя аб юнгу Алегу Альхоўскім, які загінуў 12 ліпеня 1944 года на адным з бранякатараў, што плыў у Пінск на падмогу нашым дэсантнікам. Ён быў вопытным і адважным кулямётчыкам, хаця за два дні да апошняга бою яму споўнілася толькі 15 гадоў — як і некаторым сённяшнім школьнікам.  

Экскурсіі для вучняў ладзяцца такім чынам, каб кожная новая пашырала веды, якія былі атрыманы на папярэдняй. У музеі рэгулярна праводзяцца тэматычныя класныя гадзіны. Тут адбываюцца сустрэчы з ветэранамі ваенна-марскога флоту, былымі вязнямі фашысцкіх канцлагераў, дзецьмі вайны, урачысты прыём у піянеры, БРСМ, іншыя мерапрыемствы. Праходзяць заняткі школы юных экскурсаводаў. А яшчэ ёсць традыцыя запрашаць па суботах на экскурсіі бацькоў навучэнцаў.

У музеі пінскай школы № 1 працуе бібліятэка кніг марской тэматыкі, у якой больш як 400 экзэмпляраў.

Багаты патэнцыял экспазіцыі выкарыстоўваецца для правя­дзення музейных урокаў як па гісторыі, так і па матэматыцы, інфарматыцы, геаграфіі, грамадазнаўстве. Напрыклад, педагогі распрацавалі вучэбныя заняткі па матэматыцы ў 6 класе “Дзеянні з дадатнымі і адмоўнымі лікамі”, на якіх выкананне дзецьмі заданняў прыводзіць іх да лічбаў, звязаных з баявым шляхам Пінскай флатыліі. 

Музей прымае шмат гасцей. Прыязджаюць групы школьнікаў з Брэстчыны, Гомельшчыны, ёсць дамоўленасць аб супрацоўніцтве з дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Світанак”, дзе адпачываюць хлопцы і дзяўчаты з усёй краіны. Наведваюцца працоўныя калектывы, дэлегацыі, асобныя турысты. За мінулы год праведзена каля 200 экскурсій, у музеі пабывала 4,5 тысячы наведвальнікаў.

Вучні пінскай сярэдняй школы № 1 займаюцца ў гарадскім клубе юных маракоў “Палескія гардэмарыны”, сумесна з Занальным дзяржаўным архівам у Пінску вядуць пошукавую работу. Актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах ваенна-патрыятычнага кірунку. Так, 8 мая прынялі ўдзел у гарадскім аглядзе-конкурсе строю і песні “Несакрушальная і легендарная”, 9 мая — у святочным шэсці па цэнтры горада “Беларусь памятае”.

Марское братэрства 

У Высокаўскай сярэдняй школе імя Дняпроўскай флатыліі Пінскага раёна таксама беражліва захоўваюць памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны — і трагічных, і гераічных. У музейным кутку сабрана інфармацыя аб спаленых ворагам вёсках Піншчыны, аб масавых расстрэлах яўрэяў, аб расправе бандэраўцаў над мірнымі жыхарамі. Асаблівае месца ў экспазіцыі займае гісторыя вызвалення краю: адзін з актаў разгарнуўся на тутэйшых берагах — каля вёскі Пачапава, ад якой рукой падаць да Высокага. 12 ліпеня бранякатар БК-154, які ішоў на падмогу першай групе пінскага дэсанта, змог высадзіць тут 45 байцоў, але сам прыняў няроўны бой з ворагам і быў патоплены. Усе шэсць членаў экіпажа загінулі.    

Па словах дырэктара школы Адама Шчаснага, даніну памяці подзвігу маракоў-дняпроўцаў педагогі і вучні аддавалі заўсёды. У 70-х гадах на школьным будынку была ўсталявана мемарыяльная дошка, на якой пералічаны проз­вішчы загінуўшых членаў экіпажа БК-154. Новы імпульс рабоце ў гэтым кірунку надала ў пачатку 2000-х гадоў настаўніца пачатковых класаў Людміла Андрабайла, чалавек неабыякавы, апантаны гісторыяй. Разам з вучнямі апытала сведкаў бою ў ліпені 1944-га, знайшла дадатковую інфармацыю ў іншых крыніцах, наладзіла супрацоўніцтва з Саюзам ваенных маракоў Пінска і разам з ім ініцыіравала ўстаноўку памятнага знака на месцы гібелі бранякатара на беразе Піны. А школа ў 2010 годзе ўдастоілася імя Дняпроўскай флатыліі.

— Мы называем наш школьны калектыў марскім братэрствам. Кожны год 23 лютага ладзім для першакласнікаў урачысты прыём у марское братэрства, на які запрашаем ветэранаў ваенна-марского флоту. Увогуле, марская тэма чырвонай ніткай прахо­дзіць праз многія нашы мерапрыемствы. На святы дзеці апранаюць гюйсы, бесказыркі ці пілоткі, на спартыўныя мерапрыемствы — цяльняшкі. Трэба сказаць, на некаторых спаборніцтвах гэтай традыцыі прытрымліваюцца і педагогі, — расказвае Адам Аляксанд­равіч.

На школьным гербе Высокаўскай школы красуецца сава ў марской бесказырцы, а на сцягу — раскрытая кніга ў выглядзе карабля і якар.

На базе школы дзейнічае секцыя па вяслярным і парусным відах спорту, якую курыруе Па­лескі дзяржаўны ўніверсітэт. Дарэчы, нядаўна адна з яе ўдзельніц паступіла ў Гомельскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву.   

Вучні пішуць даследчыя работы аб падзеях і героях Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку сваіх прадзедах, якія яе прайшлі. Даглядаюць памятны знак у гонар маракоў-дняпроўцаў каля сельскага клуба. Дырэктар і навучэнцы школы ўжо не першы год далучаюцца да выдатнай раённай традыцыі — сплаўляцца на байдарках у гадавіну бою 12 ліпеня па апошнім шляху БК-154. Яны прызнаюцца, што падчас гэтага воднага паходу асабліва адчуваюць удзяч­насць ге­роям той страшнай вайны. Яны загінулі, каб мы жылі. Мы жывём. І памятаем…