Чарговае пасяджэнне рэсурснага цэнтра “Спадчына”

23.04.2024
19 красавіка 2024 года адбылося чарговае пасяджэнне рэсурснага цэнтра “Спадчына”, што дзейнічае на базе ДУА “Стытычаўская сярэдняя школа” Пінскага раёна, сумесна з членамі школы эфектыўнага педагагічнага вопыту настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства.

Пасяджэнне было даволі насычаным. Яго ўдзельнікі наведалі Свята-Троіцкі храм вёскі Месткавічы, дзе айцец Уладзімір дакладна расказаў пра яго гісторыю, асабліва падкрэсліўшы той факт, што ў часы Вялікай Айчыннай вайны храм быў дзеючым; супыніўся на гісторыі некаторых абразоў.

Клімчук Ніна, вучаніца 9 класа, правяла для гасцей экскурсію “Скорбный набат белорусской земли”. Яна адзначыла, што неабходна ведаць не толькі тое, што адбывалася падчас вайны ў нашай краіне ў цэлым, але і пра тыя падзеі, якія адбываліся на нашай малой радзіме. Яна таксама паведаміла, што настаўнікі школы прымалі ўдзел ва ўстанаўленні месца знішчэння і пахавання мірных грамадзян ва ўрочышчы Душагуб вёскі Стытычава.

Далей увазе ўдзельнікаў пасяджэння быў прадстаўлены абрад “Грамніцы або Стрэчанне”.  Гэтае свята прыпадае на мяжу зімы і вясны. Удзельнікі пасяджэння даведаліся аб прыкметах, якія існавалі ў народзе ў гэты дзень. Напрыклад, казалі: «Калі певень нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я вол наесца травіцы». Лічылася, калі сонечнае, цёплае надвор’е на Стрэчанне, то вясна будзе ранняй і прынясе добры ўраджай. Неад’емнай часткай Грамніц з’яўляецца грамнічная свечка, якая мае сакральны сэнс. Калі жанчыны прыходзілі з царквы, то кожная абыходзіла са свечкаю хату, потым — падворак, хлеў. Гэтая свечка знаходзілася каля абразоў, людзі верылі ў яе моц. Калі гром грымеў, то запальвалі свечку, маліліся, каб нічога не загарэлася ад маланкі. Заўсёды запальвалі стрэчанскую свечку перад тым, як выязджаць засяваць поле. Завяршыўся абрад танцам “Стытычаўскія тупалкі”.

З даўніх-давен жанчына – захавальніца традыцый. Невыпадкова, што на эмблеме рэсурснага цэнтра “Спадчына” размешчана выява дзяўчыны, якая трымае ў руках адзін з сімвалаў нашай краіны – беларускі ручнік. Менавіта таму Уласавец Маргарыта, вучаніца 9 класа, правяла майстар-клас па вырабе лялькі-мотанкі “Берагіні” (абярэга), галоўная функцыя якой - быць заступніцай і абаронцай ад злых духаў і прыносіць у дом дастатак.

Вучаніца расказала, што часцей за ўсё Берагіню ставілі насупраць уваходных дзвярэй. Яна сустракала і прыцягвала доўгачаканых гасцей. Маргарыта падкрэсліла, што ляльку маглі вырабляць выключна жанчыны як захавальніцы традыцый. Жанчыны рабілі ляльку, эмацыйна настроіўшыся на добры лад, бо ад якасці іх працы залежыў лёс сям’і і роду.

Усе ўдзельнікі пасяджэння ўпэўнены, што нашу духоўную скарбніцу (традыцыі і абрады) неабходна перадаваць з пакалення ў пакаленне. Кожны з ўдзельнікаў атрымаў не толькі задавальненне і асалоду ад мерапрыемстыва, але і ляльку-абярэг.

Фотогалерея: