“Пачынаецца ўсё з любві…”: 75-годдзе з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц

24.11.2023
Такімі прыгожымі і шчырымі словамі з верша Яўгеніі Янішчыц сустракала гасцей Парэцкая базавая школа напрыканцы лістапада падчас святкавання 75-годдзя з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц.

Іменна ў Парэцкай базавай школе, дзе былі зроблены першыя пробы паэтычнага пяра,  было вырашана правесці  літаратурна-музычную гасцёўню “Пачынаецца ўсё з любві…”, прысвечаную 75-годдзю з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц.

На свята з'ехаліся родзічы паэтэсы, заснавальнік музея  А.П.Сідарук, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Пінскага раёна,  вучні і настаўнікі Парэцкай БШ, работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яўгеніі Янішчыц, члены клуба “Пінчукі” , прыхільнікі  паэзіі Яўгеніі Янішчыц.

Прапанаваны відэаролік пазнаёміў  прысутных з малой радзімай паэтэсы. Гучалі пранікнёныя радкі ў выкананні самой Я.Янішчыц. Літаратурная гасцёўня была напоўнена вершамі паэтэсы ў выкананні вучняў Парэцкай базавай школы. Паэтычнае слова гучала і ад настаўніка беларускай мовы і літаратуры Парэцкай БШ В.І.Мілеўскай.

На свяце прысутнічала першы кіраўнік музея  Яўгеніі Янішчыц Сідарук А.П. Калісьці яны былі знаёмыя з Жэняй, вучыліся ў адной школе і нават з'яўляліся далёкімі сваячкамі. У іх абедзвюх быў любімы настаўнік Фёдар Цудзіла. Калі Жэні не стала, менавіта ён сказаў, што падтрымаць памяць пра паэтку яны проста абавязаны. Такім чынам, пачалася карпатлівая праца па зборы экспанатаў, якая расцягнулася на восем гадоў. Ёй і займалася Антаніна Паўлаўна.

  Ганчарык Т.М., пляменніца Я.Янішчыц, расказала пра дзяцінства, сустрэчы. На жаль, сын Андрэй  з сям'ёй не змог прыехаць. 22 лістапада 2023 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры пачала працаваць выстава, прысвечаная Яўгеніі Янішчыц, прымеркаваная да 75-годдзя з дня яе нараджэння. На гэтай выставе свае карціны, а іх 15,  прадставіла ўнучка пісьменніцы– Яна Янішчыц. Акрамя таго, на выставе наведвальнікі  ўбачылі зборнікі вершаў, лісты, чарнавікі, асабістыя рэчы і фотаздымкі з архіва сям’і Янішчыц.

Аддаць даніну павагі зямлячцы прыйшлі і члены клуба літаратараў Піншчыны “Пінчукі”.  На вершы Яўгеніі Янішчыц  спявак, кампазітар, член Саюза музычных дзеячаў Віктар Мяцельскі напісаў музыку. Выступілі члены клуба Галіна Лазіцкая і Людміла Шклёда.

Погляды прыцягвала кніжная выстава, якая змяшчала  кнігі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў са словамі - пажаданнямі  Я.Янішчыц ад аўтараў. Усе гэтыя кнігі захоўваюцца ў архіве Парэцкай БШ і на выставу былі прадстаўлены ўпершыню.

Сваімі ўражаннямі ад свята падзяліліся і настаўнікі  беларускай мовы і літаратуры: “Нельга застацца раўнадушным да творчасці гэтай цудоўнай паэтэсы. Шчырасць, замілаванне, любоў да творчасці Яўгеніі Янішчыц гучала ў кожным сказаным слове ўдзельнікаў  свята. Мы, настаўнікі, ганарымся тым, што такая цудоўная паэтэса нарадзілася і “ўзляцела ластаўкай” менавіта на нашай Палескай зямлі. Шчыра верым у тое, што памяць пра гэтую пісьменніцу і яе творчасць застанецца ў людскіх сэрцах на доўгія, доўгія гады”.

Яўгенія Янішчыц пакінула вялікую спадчыну для Беларусі і стала  гонарам Палесся.

 

 

                                                                       С.Кахновіч, метадыст РВМК

Фотогалерея:

поделиться в: