Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу як сродак фарміравання клапатлівага стаўлення да духоўнай спадчыны

22.05.2023

19 мая 2023 года ў ДУА "Стытычаўская сярэдняя школа" Пінскага раёна прайшло пасяджэнне рэсурснага цэнтра на тэму "Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу як сродак фарміравання клапатлівага стаўлення да духоўнай спадчыны". Адна з задач рэсурснага цэнтра - фарміраванне пачуцця нацыянальнай самасвядомасці з апорай на багаты шматвяковы вопыт пакаленняў, на спадчыну малой радзімы цераз прызму краязнаўства. 

На гэты раз вярталі абрад ваджэння куста на Сёмуху або Тройцу.

Сустракалі гасцей хлебам-соллю ды прыгожымі пажаданнямі. Вучнi 11 класа паведамiлi многа цікавага з гісторыі свята Тройцы.

Вельмі ўразіў усіх сам абрад ваджэння куста. У вёсцы Стытычава на другі дзень Тройцы збіраліся дзяўчаты з усёй вёскі, выбіралі самую прыгожую са сваёй кампаніі і надзявалі на яе ўбранне, сплеценае з маладых бярозавых і кляновых галінак з лісцем. Прыбраная такім чынам атрымлівае назву "куст". Яны хадзілі па дварах і спявалі гаспадарам песні, абавязкова просячы ў іх надарыць куст: "Вынысьтэ Кусту хоч по золотому".

Святочная працэсія на чале з Кустай наведвае сялянскія двары, жадаючы гаспадарам здароўя, дабрабыту і багатага ўраджаю. Лічыцца, што там, дзе пабываў Куст на Святую Тройцу, усё будзе добра.

Цікава і магічна настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры быў праведзены майстар-клас "Траецкі абярэг". Усе ўдзельнікі з захапленнем уключыліся ў творчы працэс.

Закончылася мерапрыемства наведваннем Свята -Троіцкага храма ў вёсцы Месткавічы. Настаяцель царквы святар Уладзімір паведаміў, што першы храм на гэтым месцы быў пабудаваны яшчэ ў 16 стагоддзі, а сучаснай царкве ў гэтым годзе -125 год.

Фотогалерея: