Творчасць паэта - на многія лета

15.11.2022
У святочных мерапрыемствах Ганцаўшчыны, прымеркаваных да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа “Вітаю цябе, мой народ!”, прыняла ўдзел Жанна Верыч, метадыст ЦТДіМ.

 Жанна Верыч прэзентавала дзейнасць народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа ў коласаўскіх чытаннях  “Якуб Колас: нашчадкам памяць зберагаць ”. Расказала пра жыццё і працу Якуба Коласа ў вёсцы Пінкавічы,  творчы шлях паэта. 

Падзеяй  свята стала прэзентацыя праўнучкай вялікага песняра Васілінай Міцкевіч кнігі “Табой я жыў, табой жыву…” пра жонку Якуба Коласа.

Удзельнікі  прайшліся з экскурсіяй па Алеі пісьменства,  усклалі кветкі да помніка Якуба Коласа ў Ганцавічах.

А Люсінская школа перанесла ўдзельнікаў на некаторы час у гістарычнае мінулае гэтага куточка палескай глушы. Госці ўсклалі кветкі да памятнага знака на месцы старой школы (першае месца працы настаўніка К.М. Міцкевіча і героя трылогіі “На ростанях” Андрэя Лабановіча), садзілі дубовую алею, наведалі музей Якуба Коласа ў Люсінскай сярэдняй школе.

Свята стала добрым пацверджаннем наступных радкоў: “Творчасць паэта - на многія лета”.

 

                                                       С.К.Кахновіч, метадыст РВМК

Фотогалерея: