РАЁННЫЯ “КАЛАСАВІНЫ” ТРАДЫЦЫЙНА АДЗНАЧЫЛI Ў НАРОДНЫМ ЛІТАРАТУРНА-КРАЯЗНАЎЧЫМ МУЗЕI ЯКУБА КОЛАСА Ў ПІНКАВІЧАХ

04.11.2022
Народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа ў Пінкавічах запрасіў гасцей на вялікае свята. Ужо стала добрай традыцыяй адзначаць тут раённыя “Каласавіны”. Так мілагучна называюцца мерапрыемствы, якія ладзяцца 3 лістапада, у дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры.

Святочная імпрэза ў Пінкавічах атрымалася асабліва ўзнёслай, бо была прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. З традыцыйнымі вершаванкамі-запрашанкамі сустракалі гасцей удзельнікі аб’яднання юных экскурсаводаў “ГіД” (гаваркія і дапытлівыя): “Свежыя навіны – у нас “Каласавіны”, спяшайцеся хутчэй на свята ў музей!”.

Ствараў добры настрой народны інструментальны ансамбль выкладчыкаў Пінкавіцкай дзяржаўнай школы мастацтваў “Мяцеліца”, які выконваў фальклорныя мелодыі ў сучаснай апрацоўцы.  Педагогі школы пранікнёна выканалі песню на словы Якуба Коласа “Мой родны кут”, якая і адкрыла насычаную праграму.

Незабыўныя эмоцыі падаравалі прысутным педагог дадатковай адукацыі Жыдчанскай сярэдняй школы Зоя Кондрацюк са сваімі калегамі: яны інсцэніравалі вершаванае апавяданне Якуба Коласа “За дождж”. І камедыйны сюжэт, і яркія вобразы прыйшліся даспадобы гледачам.  А як прыгожа гучала сакавітая беларуская мова падчас тэатралізаванай пастаноўкі ўрыўка з паэмы “Новая зямля”! Ролі бліскуча выканалі вучні Стытычаўскай сярэдняй школы, якія займаюцца пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Марыі Кліменка.

Прыемна адзначыць, што моладзь прымала актыўны ўдзел у “Каласавінах”. Так, здзівіў выкананнем рэп-кампазіцыі на беларускай мове студэнт Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Іван Дарашэнка. Сваю песню юнак прысвяціў сталіцы Палесся. Дзяўчаты з вакальнага калектыва Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа “Дамісолькі” пад апладысменты выканалі песню пра беларускую мову. Упрыгожваннем канцэрта стаў танцавальны нумар “Вышыванка”, які падрыхтавалі ўдзельніцы калектыва “Сланечнікі” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна.

Сюрпрыз для літаратурна-краязнаўчага музея падрыхтавала таленавітая і шматгранная асоба –  бібліятэкар Пінкавіцкай сельскай бібліятэкі Святлана Мажароўская. Яна вышыла вялікі партрэт Якуба Коласа, які здзіўляе сваёй рэалістычнасцю. Як адзначыла метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна і гаспадыня музея ў Пінкавічах Жанна Верыч, гэты шэдэўр зойме пачэснае месца ў экспазіцыі памяці Песняра.

З захапленнем госці свята паслухалі выступленне беларускага літаратураведа, кандыдата філалагічных навук, дацэнта, нашай зямлячкі Вольгі Козіч. Цікава, што лініі лёсу звязваюць яе з Якубам Коласам – дзед Вольгі Ільінічны Мікіта Козіч, жыхар вёскі Пінкавічы, быў вучнем будучага народнага паэта. У музеі нават захоўваюцца яго ўспаміны пра “вучыцеля Міцкевіча”, які быў добрым педагогам, а яшчэ дапамагаў сялянам у іх барацьбе з панам Скірмунтам за зямлю і балоты, за права лавіць рыбу.

Падарункам усім прысутным сталі песні і вершы ў выкананні членаў клуба літаратараў Піншчыны “Пінчукі” Віктара Мяцельскага, Анатоля Козіча, Галіны Лазіцкай, Людмілы Шклёды, Уладзіміра Вароніна і іншых.

Фотогалерея: