Выхоўваем грамадзяніна сваёй краіны

13.05.2022

Узнаўленне і адраджэнне нашай гістарычнай і культурнай спадчыны, выхаванне духоўнасці і грамадзянскасці, без чаго не можа жыць і развівацца ні адна нацыя, немагчыма без павагі да сваёй гісторыі, культуры, роднага краю. Іменна з такой мэтай было праведзена  пасяджэнне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. 

Асноўная мэта пасяджэння – абмен  вопытам педагагічнай дзейнасці ўстаноў адукацыі па фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму школьнікаў сродкамі літаратурнага краязнаўства,  экскурсійнай работы. Прадстаўнікі Сошненскай СШ падрыхтавалі цікавую, змястоўную і разнастайную праграму.

У ходзе практычнай часткі семінара намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Сошненскай СШ  Хандрыка С.В. сумесна з настаўнікамі пачатковых класаў Чэчун А.С., Мішчук Н.Ф., настаўнікам гісторыі Дубойскім А.М. была прадстаўлена прэзентацыя вопыту работы па тэме “Пошукава-даследчая дзейнасць  як эфектыўны сродак патрыятычнага выхавання навучэнцаў”.

 Вопыт пошукава-даследчай работы ўстановы адукацыі прадэманстраваў, як гэты накірунак  дапамагае сфарміраваць у вучняў усведамленне прыналежнасці да беларускага народа, вывучыць свае карані, адчуць непарыўную сувязь з папярэднімі пакаленнямі. Такая работа прывабная для навучэнцаў, якія далучаюцца да пошуку, вывучэння гісторыі, нацыянальных традыцый нашага народа.

Вынікам сумеснай работы вучняў, настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі Сошненскай СШ становяцца навуковыя даследаванні, якія шырока выкарыстоўваюцца пры правя­дзенні ўрокаў мужнасці, класных гадзін і іншых мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці. 

Свой вопыт пошукава-даследчай дзейнасці педагогі і вучні Сошненскай СШ неаднаразова трансліравалі на раённых, абласных і рэспубліканскіх пляцоўках.

У якасці падарунка ўдзельнікам семінара ад вучняў школы гучалі задушэўныя беларускія песні, вершы беларускіх паэтаў, іскрыўся вясёлы народны танец у выкананні калектыва “Сузор’е” (кіраўнік Чынько Н.Л.). Юныя танцоры паказалі сапраўдны прафесіяналізм і талент, захапілі прысутных танцамі “Вясковае кола” і “Таўкачыкі”. Так і праяўляецца ў дзецях любоў да народнага мастацтва, беларускага слова, імкненне да творчасці, жаданне далучыцца да свету беларускай культуры.

Акрамя гэтага, настаўнікі Сошненскай СШ, Чухаўскай СШ, Лышчанскай СШ, Ставоцкай СШ, Малоткавіцкай СШ дзяліліся вопытам работы па тэме “Літаратурнае краязнаўства як сродак патрыятычнага выхавання навучэнцаў”.

Кабінет беларускай мовы і літаратуры Сошненскай СШ у аглядзе-конкурсе быў адзначаны дыпломам 1 ступені. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Сошненскай СШ Касцюк С.У. падзялілася вопытам работы ў кабінеце  беларускай мовы і літаратуры як цэнтры вучэбна-метадычнай работы, лабараторыі поспеху, майстэрні  па развіцці творчых здольнасцей вучняў.

У пасяджэнні прыняла ўдзел Рэбкавец Я.П., старшыня Сошненскага  сельвыканкама, якая правяла краязнаўчую экскурсію “Гістарычныя ваколіцы Сошна”. Са слоў Яніны Паўлаўны ўдзельнікі семінара даведаліся, што на тэрыторыі Сошненскага сельвыканкама  знаходзяцца дзесяць гістарычных месцаў. У гэты дзень настаўнікі наведалі фамільнае захаванне шляхецкага роду Свяжынскіх. Удзельнікаў семінара  ўразілі надмагільныя помнікі, вырабленыя з бетону, мармуру і граніту.

У 2009 годзе частка з іх была павалена вандаламі, а падземныя склепы - разрабаваны. Аднак дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў пры садзейнічанні Пінскага райвыканкама і Сошненскага сельвыканкама могілкі ўдалося аднавіць.

Глыбока перакананы ў тым, што грамадзянска-патрыятычнае выхаванне павінна заставацца галоўным, вядучым у адукацыйным працэсе. Не ўсе нашы вучні стануць вучонымі, інжынерамі, касманаўтамі. Адны будуць вырошчваць хлеб, другія — будаваць дамы, трэція — лячыць хворых, але кожны з іх павінен быць патрыётам і грамадзянінам сваёй Радзімы.    Наша спадчына — сапраўдны скарб, які дапамагае фарміраваць асобу, здольную быць актыўным носьбітам беларускай нацыянальнай культуры, сапраўдным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

 

                                                              С.Кахновіч, метадыст РВМК

Фотогалерея: