Спадчына малой радзімы праз прызму краязнаўства

11.05.2022

Любіць родную зямлю –

гэта добрая справа,

але трэба мець на ўвазе,

што родная зямля – гэта…

і тая мясціна, дзе чалавек

нарадзіўся і вырас,

і…зямля таго народа,

                                                          сынам якога ты з’яўляешся

К. Крапіва

Сучасныя патрабаванні да выхавання маладога пакалення, свядомых грамадзян, вартых прадстаўнікоў сваёй нацыі, сваёй краіны ляжаць у аснове Канцэпцыі і Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі ў Рэспубліцы Беларусь.

Адной з задач рэсурснага цэнтра “Выкарыстанне рэгіянальных традыцый і абрадаў у пазаўрочнай дзейнасці”, які дзейнічае ў ДУА “Стытычаўская сярэдняя школа” Пінскага раёна, з’яўляецца фарміраванне пачуцця нацыянальнай самасвядомасці з апорай на багаты шматвяковы вопыт пакаленняў, на спадчыну, у тым ліку на спадчыну малой радзімы цераз прызму краязнаўства. Далучэнне вучняў да культурна-гістарычнай спадчыны сваёй Радзімы — важны сродак фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. Менавіта таму пасяджэнне рэсурснага цэнтра “Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу ў арганізацыі адукацыйнага працэса як сродак фарміравання клапатлівага стаўлення да духоўнай, матэрыяльнай і прыроднай спадчыны” было накіравана на фарміраванне грамадзянска-патрыятычных і духоўна-маральных якасцяў праз краязнаўчую дзейнасць.

Сярод запрошаных на пасяджэнне былі старшыня Плешчыцкага сельвыканкама Вольга Валер’еўна Мядзведзь і работнікі  Стытычаўскага сельскага Дома культуры.

Краязнаўства немагчыма без падарожжа, таму і формай правядзення была абрана вандроўка. Удзельнікаў семінара каля стытычаўскай капліцы чакалі вучні 10 класа Шукала Мар’яна і Андрукевіч Віталь, якія паведамілі пра гісторыю ўзнікнення вёскі, быліну і паданні, звязаныя з гісторыяй паходжання назвы вёскі, а Вольга Валер’еўна Мядзведзь дапоўніла паведамленне вучняў звесткамі пра развіццё вёскі на сучасным этапе. Каля ракі Ступа вучаніца 11 класа Богдан Таццяна распавяла пра гісторыю ўзнікнення ракі Ступа і яе назву. Пра гісторыю вёскі Месткавічы і месткавіцкага Свята-Троіцкага храма паведаміў вучань 7 класа Басюк Глеб. Больш падрабязную гісторыю храма ўдзельнікам пасяджэння расказаў настаяцель айцец Уладзімір у самім храме. Дарэчы, даведаўшыся, з якой мэтай сабраліся ўдзельнікі пасяджэння, айцец Уладзімір адзначыў, што цэнтрам робіцца “залатая справа”.

Канечным пунктам вандроўкі было наведванне дэндрапарка Жытнавіцкага лясніцтва, першага і, на сённяшні момант, адзінага на Піншчыне. Аб гісторыі парка і перспектывах развіцця расказаў ляснічы Анатоль Кузьміч.

Удзельнікі пасяджэння рэсурснага цэнтра ўпэўнены, што краязнаўства абуджае цікавасць і выхоўвае павагу да роднай зямлі. Дзякуючы краязнаўству вучань мае магчымасць глыбей зразумець, што гісторыя - гэта гісторыя людзей; карані чалавека - у гісторыі і традыцыях сваёй сям'і, свайго народа, у мінулым роднага краю і краіны.

Сродкамі краязнаўства фарміруецца зацікаўленасць гісторыяй сваёй зямлі, сваіх землякоў, звычаямі і традыцыямі не аднаго пакалення, якія пакінуты нам у спадчыну, што, адпаведна, спрыяе фарміраванню грамадзянска-патрыятычных і духоўна-маральных якасцяў падрастаючага пакалення. І роля настаўніка заключаецца ў тым, каб накіраваць дзейнасць вучняў на правільны шлях, каб вучні сапраўды зацікавіліся гісторыяй сваёй малой Радзімы, яе культурай, багатымі звычаямі і традыцыямі, якія маюць старажытныя карані, яе людзьмі, знакамітымі і незнаёмымі.

 

                                                       С.Кахновіч, метадыст РВМК

Фотогалерея: