«Краіна адзінства»

06.05.2022

З мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, папулярызацыі духоўнай і матэрыяльнай спадчыны, ваеннай гісторыі Пінскага раёну на базе Ставокскай сярэдняй школы  калектыў ДУА «Пінскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства» арганізаваў сустрэчу юных краязнаўцаў на раённым турысцка-краязнаўчым фестывалі «Краіна адзінства».

Юныя вядучыя, вучні 3 класа Ставокской школы - Кірыл Козел, Ксенія Садоўская і Анастасія Страха павітаўшы ўсіх прысутных, пачалі знаемства з моўнымі, фальклорнымі, этнаграфічнымі, гістарычнымі асаблівасцямі нашай роднай Піншчыны.

Першай на сцэну выйшла вучаніца Малоткавіцкай сярэдняй школы Анастасія Тарэлка, якая здзівіла ўсіх сваім майстэрствам валодання ганчарным рамяством. Яна прадставіла цэлую выстаўку сваіх работ з гліны, расказала і паказала, тэхнікі вырабу прыгажосці з гліны! А дапамагалі ёй у гэтым мама, бабуля і   дзядзька Ілья.

Самуйлік Ксюша, з Плешчыцкай школы, пры падтрымцы  свайго педагога Дубінецкай З.Д. паведаміла, як на занятках  гуртка і дома з дапамогай бацькоў, імі ўзнаўляўся  абрад калядавання ў сваёй мясцовасці і самастойна надавалася новае жыццё «Каляднай зорцы» з міні-тэатрам ценяў унутры яе.

Да рэчы, адна з такіх  зорак засталася жыць у музейнай экспазіцыі цэнтра турызму і краязнаўства. Цікава паглядзець? Прыязджайце, будзем Вам рады.

Фальклорнымі танцамі «запалілі» залу юныя танцоры з Боркаўскай базавай школы пад кіраўніцтвам Селюжыцкай М.І., прадставіўшы парныя танцы сваіх прадзедаў і прабабуль, пры гэтым прадэманстравалі святочнае адзенне сваёй мясцовасці.

Вера Цандо, краязнаўца са Стытычаўскай сярэдняй школы здзівіла ўсіх уменнем не толькі расказваць байкі, запісаныя з вуснаў старажылаў, але яшчэ і вельмі добрым валоданнем мясцовай гаворкай.

Прызер рэспубліканскага канкурса «У кожнага часу свае героі» Максім Вайтовіч з Аснежыцкай школы, пазнаёміў маладое пакаленне з лёсам героя-інтэрнацыяналіста Аляксандра Грома, прадэманстраваў сваю працу праз відэаролік, што распрацаваў пад кіраўніцтвам сваей настаўніцы Кос Т.А.

Юныя краязнаўцы з Купяціцкай сярэдняй школы Аляксандр Кірылка і Паліна Дымар расказалі пра свайго аднавяскоўца, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Мальца. А таксама  паведамілі аб тым, як,  адкуль збіралася інфармацыя і складалася даследчая работа і як у гэтай творчай рабоце іх падтрымлівалі  і накіроўвалі педагогі Шпакоўская Р.У. і Макарэвіч Н.П.

Напаследак, усе ўдзельнікі фестываля разам з Яраславам Каржом з Валішчанскай школы,  прайшлі завочнае падарожжа па месцам баявой славы з дапамогай інтэрактыўнай карты, што была ім распрацавана пад кіраўніцтвам Бунькевіч А.П.

Танцавальны калектыў дзяўчынак Ставоцкай сярэдняй школы падарылі прысутным танец.

Пасля выступленняў юных краязнаўцаў, для ўзнагароджвання пераможцаў шматлікіх турысцка-краязнаўчых конкурсаў на сцэну выйшла Кучынская С.А., дырэктар цэнтра турызму і краязнаўства, якая падзякавала ўсім за творчыя справы, за сумленную работу і выразіла спадзяванне, што гэтая сустрэча пакіне добры след у сэрцах юных краязнаўцаў і іх педагогаў, што дасць творчы запал і жаданне працягваць краязнаўчую работу, даследаваць і знаходзіць, чэрпаць яшчэ невядомае і папулярызаваць яго.

 

С.А.Кучынская, дырэктар РЦТіК

                                             М.А.Ляцук, метадыст

Фотогалерея: