Вясёлая каляда

12.01.2022
Культура беларускага народу складвалася тысячагоддзямі, яна мае шмат сваіх звычаяў, традыцый і абрадаў, але ў наш час, калі многае страчана, забыта, калі непазнавальна змяніліся жыццёвыя ўмовы народу, мы вельмі мала ведаем аб сваіх карэннях, аб жыцці нашых продкаў. А беларускі фальклор - песні, казкі, праваслаўныя святы – гэта і ёсць наша культура, нашы традыцыі, наша спадчына, якая ўяўляе сабой невычэрпную крыніцу прыгажосці, творчасці, дабраты і народнай мудрасці. Далучэнне выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры спрыяе выхаванню ў дзяцей каштоўнастнага стаўлення да сваёй краіны і далучэння да яе з магчымасцю адчуць сябе неад’емнай часткай цудоўнай зямлі, цудоўнага народу і з гонарам сказаць: “Я – беларус!”.

У рамках работы па гадавой задачы і з мэтай патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту праз далучэнне да нацыянальнай культуры беларусаў, азнаямленне іх з абрадамі і традыцыямі беларусаў у ДУА “Стытычаўскі яслі-сад Пінскага раёна” прайшлі каляды. На Беларусі калядоўшчыкаў звалі па-рознаму: «каляднікі», «звездары». Прыходу калядоўшчыкаў сяляне чакалі з нецярпеннем. Трыдыцыйна прысутнічалі сярод калядоўшчыкаў Дзед (сімвалізуе памерлых продкаў, «дзядоў», Баба (як і Дзед, увасабляе памерлых продкаў), Мядзведзь (ён сімвалізуе здароўе, багацце, плоднасць і сілу, адначасова ён увасабляе дзікую прыроду, з якою трэба пасябраваць, дамовіцца, каб яна была прыхільнай), Каза (увасабляе дабрабыт, урадлівасць, багацце, сімвалізуе смерць і адраджэнне прыроды), была і калядная зорка - сімвал развіцця, удасканалення, чалавечай мудрасці. Калядоўшчыкі спявалі песні, танцавалі, славілі гаспадароў, за гэта іх адорылі прысмакамі.

У народзе казалі: «Каляда прыйдзе — добры год будзе», «Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць». Дык будзем спадзявацца, што ў нас усіх, у нашых сем’ях, нашай краіне будуць панаваць мір, згода і любоў.

А.І.Чолач, загадчык ДУА “Стытычаўскі

яслі-сад Пінскага раёна”