“Мая чароўная Беларусь”

06.12.2021
Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне – асноўны і вельмі важны накірунак выхаваўчай работы як у школе, так і ў кожным класе паасобку. У сённяшняй складанай палітычнай сітуацыі задача № 1 сям’і, педагогаў і грамадскасці – выхаванне патрыятызму, павагі да нацыянальных здабыткаў і каштоўнасцей у маладога пакалення беларусаў.

У ДУА “Чухаўская сярэдняя школа” Пінскага раёна праводзіцца шмат мерапрыемстваў, якія накіраваны на дасягненне пастаўленай задачы. Так, у межах работы школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў прайшла адкрытая класная гадзіна ў 4 класе “Мая чароўная Беларусь” (класны кіраўнік Рэбкавец Ж.Р.). Галоўнымі мэтамі гульні-віктарыны былі наступныя: спрыяць фарміраванню ў вучняў патрыятычных якасцей, павагі да нацыянальных здабыткаў рэспублікі; развіваць пазнавальную актыўнасць і творчыя здольнасці навучэнцаў; выхоўваць любоў да сваёй Радзімы.

Дзве каманды “Васількі” і “Рамонкі” спаборнічалі паміж сабой у конкурсах “Мастакі зямлі беларускай”, “Падумай і адкажы”, “Горад Беларусі”, “Рэкі і азёры Беларусі”, “Загадкі”, “Перакладчыкі”, “Добры знаўца прыроды”, “Прыказкі і прымаўкі”. У рэшце рэшт перамагло “сяброўства”.

Падчас гульні вучні слухалі запіс песні “Мой родны кут”, чыталі вершы В. Віткі “Беларусь”, Г. Бураўкіна “Рэкі Беларусі”, В. Жуковіча “Беларус”.

У падагульняючай гутарцы з настаўнікам навучэнцы зрабілі вывады, што усе мы, жыхары Рэспублікі Беларусь, павінны шанаваць і берагчы сваю Радзіму, знаёміцца, авалодваць і захоўваць традыцыі і культуру свайго народа, берагчы прыгажосць сваёй мовы, вывучаць гісторыю людзей, якія жылі да нас.

                                     …Яркая зорка надзеі гарыць,

                                     Торыцца шлях наш вякамі.

                                     Шчасце трывалае можна стварыць

                                     Толькі сваімі рукамі.

                                     Можна ў далёкіх краінах пабыць –

                                     Хай там марскіх, а ці горных…

                                     Нельга радзімых мясцінаў забыць,

                                     Фарбаў лясных і азёрных.

                                     Пасябраваць можна з мовай чужой,

                                     Ёю валодаць свабодна;

                                     Нельга адно - здрадзіць роднай сваёй

                                     І адрачыся ад роднай.

                                     Белы ручнік мой, белы абрус.

                                     Вышыла мама кашулю.

                                     Не прамяняю сваю Беларусь –

                                     Не выбіраю матулю (В. Жуковіч).

 

П.П. Кахавец, кіраўнік школьнага вучэбна-

метадычнага аб’яднання класных

кіраўнікоў ДУА “Чухаўская сярэдняя

школа” Пінскага раёна