Пакуль жывуць традыцыі – і вёска будзе жыць

13.05.2021
Такога відовішча даўно не бачыла самая старажытная вуліца сучаснай вёскі Пінкавічы. Па даўняй-даўняй традыцыі падвячоркам ў панядзелак, пасля Праваднога тыдня, на пляцоўку ля Народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа падцягваўся народ. Здаецца, час развярнуўся ў другі, адваротны бок. Вакол адчуваўся водар мінуўшчыны.

Так пачынаўся мясцовы пінкавіцкі абрад “Провэдэмо зыму” у рамках фэсту “Традыцыі веснавых карагодаў на Вялікдзень. Правадны тыдзень і Провады зімы”.

Ініцыятарам свята выступіў Народны  фальклорны аўтэнтычны калектыў мясцовага Дома культуры “Крыніцы”. На мерапрыемства з’ехаліся фальклорныя калектывы Пінскага раёна, фальклорны гурт  “Гуда” з Мінска. Зляцеліся для асвятлення гэтай падзеі і прадстаўнікі раённых, абласных і рэспубліканскіх СМІ. Не дзіва! Гэты абрад занесены у спіс нематэрыяльных каштоўнасцей Беларусі.

У чытачоў, напэўна, узнікла пытанне: “А пры чым тут музей?” Справа ў тым, што нас яднае адна мэта: зберажэнне вёскі. Не як тэрытарыяльнай адзінкі, а як невычэрпнай крыніцы народнай творчасці, скарбонкі нематэрыяльных каштоўнасцей. І як нам не займацца перайманнем фальклорнай спадчыны, калі сам Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас) падчас працы ў Пінкавіцкім народным вучылішчы цікавіўся народным мастацтвам.

Навучэнцы  аб’яднання  па інтарэсах “ГіД”, якое дзейнічае  пры Народным літаратурна-краязнаўчым музеі  Якуба Коласа,  з радасцю сустрэлі прапанову аб удзеле ў мясцовым абрадзе. Як-ніяк 3 гады ў ролі юных экскурсаводаў ! У іх асаблівыя, трапяткія  адносіны да мясцовага дыялекта, даўгажыхароў вёскі. Запрашэнне бабулек на вячоркі і музейныя майстар-класы аказала  на іх добры ўплыў. Вось дзе месца для  выхавання патрыётаў сваёй Радзімы!

У народным убранні, з яркімі каснічкамі-лентачкамі  ўліліся яны ў вясновыя танкі (карагоды) разам з дарослымі і іншымі дзецьмі.

І паліўся, пагаласіўся над вуліцай Якуба Коласа, па якой болей як сто гадоў назад шпацыраваў вядомы беларускі класік, галасісты напеў:

Да проводымо зыму.

Да за гай, за долыну.

Да за тэе мостышчэ.

Дэ здохло конышчэ…

Спявалі, путы зімовыя рвалі, (вяроўкі,  якія хуценька вязалі перад жанкамі мужчыны),  зіму ў раку заганялі.

А дадому вярталіся – Тройцу спявалі.

Ой, тройца, тройца

Прэсвятая Богородыца

Як посію лён, лён

Да нэхай зародыцца

Свята шло да завяршэння, а на дзіцячай пляцоўцы, якая размясцілася на утульным двары музея,  педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ніяк  не маглі развітацца з дзетварой. Даспадобы ўсім прыйшлдіся народныя гульні. Вось дзе карысная альтэрнатыва  тэлефоннаму палону. А юныя экскурсаводы тым часам  праводзілі квэст-экскурсію для сталічных гасцей і ўсіх жадаючых .

Не свята, а казка, - сказаў хтосьці пад занавес мерапрыемства.

Так ладна ды складна прайшоў адзін з абрадаў фонду мясцовага фальклора.

 

Метадыст ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”

Пінскага раёна Жанна Верыч