Выкарыстанне рэгіянальных традыцый і абрадаў у пазаўрочнай дзейнасці

06.05.2021
Палеская зямля багата на рэгіянальныя культурныя традыцыі і звычаі. Вельмі важна нам, сучаснікам, не згубіць тое, што назапашана нашымі продкамі. Сёння, калі адбываецца ўзрастанне сацыяльна-псіхалагічных адрозненняў паміж пакаленнямі, мяняецца рытм жыцця, быт, звычаі, ад педагогаў патрабуецца ўсямерная актывізацыя выхавання на традыцыях старэйшых пакаленняў, забеспячэнне іх пераемнасці.

З мэтай распаўсюджвання эфектыўнага вопыту выхаваўчай работы па зберажэнні рэгіянальных традыцый і абрадаў на пачатку 2020/2021 навучальнага года на базе ДУА “Стытычаўская сярэдняя школа” Пінскага раёна  быў адкрыты рэсурсны цэнтр “Выкарыстанне рэгіянальных традыцый і абрадаў у пазаўрочнай дзейнасці”.

Стытычаўская школа вітала членаў творчай і праблемнай груп настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Пінскага раёна  на чарговым пасяджэнні “Адраджэнне рэгіянальных традыцый і абрадаў і іх інтэграцыя ў педагагічную дзейнасць”. Удзельнікаў пасяджэння віталі члены аб’яднання па інтарэсах “Крыжачок” пры Стытычаўскім СДК. Яны прадставілі мясцовыя частушкі, песні, танцы. Далей намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А.А.Куцэвіч расказала настаўнікам пра дзейнасць цэнтра.

Настаўніцай беларускай мовы Л.І.Сачкоўскай  быў прадстаўлены вопыт педагагічнай дзейнасці па тэме “Адраджэнне рэгіянальных традыцый і абрадаў на ўроках беларускай літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці”. Людміла Іванаўна расказала пра ўзнаўленне абрадаў “Ваджэнне куста”, “Выпечка вясельнага каравая”, “Гуканне вясны”, “Троіца”, “Вялікдзень” і іншыя.

Наступным этапам работы пасяджэння былі паведамленні вучняў 10-11 класаў па тэме “Страсны тыдзень у традыцыях пінчукоў”. Удзельнікі пасяджэння даведаліся, што апошнія шэсць дзён перад Вялікаднем асабліва значныя і маюць сваё прызначэнне, а сам тыдзень на Піншчыне называецца Страсным.

Не абыйшлося і без велікодных пісанак, якія настаўнікі размалёўвалі падчас работы творчай майстэрні.

Напрыканцы сустрэчы С.К.Кахновіч, метадыст ДВМУ “Пінскі раённы вучэбна-метадычны кабінет”, падвяла вынікі сустрэчы. Яна падкрэсліла каштоўнасць мерапрыемстваў па адраджэнні рэгіянальных традыцый і абрадаў у пазаўрочнай дзейнасці.

Удзельнікі пасяджэння лічаць, што праца ў гэтым накірунку спрыяе выхаванню нацыянальнай свядомасці вучняў, абуджае ў іх павагу да продкаў-беларусаў, да Бацькаўшчыны.

 

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Сачкоўская Л.І.