Бенефіс беларускай мовы
23.02.2021Вядома, што літаратурная спадчына вялікага класіка – гэта узор беларускай мовы. Як балюча ён перажываў той перыяд, калі беларуская мова была забаронена! Так было і падчас яго настаўніцтва ў Пінкавічах. Як сапраўдны патрыёт паэт усё жыццё прысвяціў захаванню і працвітанню роднага слова.
Таму адна з галоўных задач нашага музея - выхаванне ў наведвальнікаў жадання размаўляць па-беларуску. Адчуваць яе сакавітасць, замілаванасць, непаўторнасць.
Гэта задача ўдала рэалізавалася і на традыцыйным бенефісе беларускай мовы. Вось якія цікавыя дзеі былі прапанаваны наведвальнікам у Коласавай школе.
Не так проста было апынуцца на свяце. Юныя экскурсаводы з аб’яднання “ГіД”(гаваркія і дапытлівыя) усім гасцям зрабілі іспыт па перакладу слоў. Затым былі ўласныя музейныя вершаванкі:
-Усім прывітання шчырыя словы.
У нас святкаванне Дня роднай мовы!
- Святкуюць дарослыя, святкуюць і дзеці,
Святкуюць дзень гэты на ўсім белым свеце.
- Бо родныя мовы чамусьці знікаюць,
Напэўна – што мала на іх размаўляюць.
- Каб роднае слова гучала часцей,
Сабралі і мы ў музеі гасцей.
-Гучыць тут заўжды беларуская мова
З экскурсій вязуць наша роднае слова!
-Тут роднаму слову прызнацца – рэклама,
Традыцыяй стала і свята таксама.
- Дзве мовы дзяржаваю нам падаецца,
Але ж беларуская роднай завецца!
-Яшчэ ж уваходзяць у “ моўны камплект”
Гаворкі мясцовыя – наш дыялект.
- Такое, здаецца, у іх падабенства,
Бо чуем мы гэтыя мовы з маленства!
- У Год народнага адзінства,
Хачу яшчэ сябры сказаць.
Што ў Беларусі на ўсіх мовах
Свабодна можна размаўляць.
-Бо тут для кожнага народа
Знаходзяцца і мір, і згода!
- Ну хопіць, хопіць балбытаць,
Гасцям патрэбна слова даць.
І тут ўсе прысутныя сказалі “Ах!”, бо французкая мова была ў гасцях. З настаўніцай Вывокаўскай СШ Ірынай Рыгораўнай Гаўрыловіч усе здзейснілі цікавы захапляльны шпацыр па Елісейскіх палях Парыжа, спявалі караоке вядомыя французкія (у перакладзе на беларускую мову) песні. У Лондане ж мы апынуліся з настаўнікам той жа школы Віталем Аркадзьевічам Шульганом. Ён на цікавых практыкаваннях паказаў, як англійская мова пасябравала з беларускай: шмат яе слоў папоўнілі лексіку беларусаў.
А ці чулі вы, каб “Бітлы” спявалі па-беларуску? А вось выкананне вучнямі Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа знакамітай “Yestevdau” пад акампанемент скрыпкі, ды яшчэ на роднай мове, выклікала шквал апладысментаў. А з якім аратарскім майстэрствам хлопчык у ролі А.С.Пушкіна дэкламаваў “Я помню дзіўнае імгненне…”!
А самае смачнае было напрыканцы. Так-так, я не памылілася. Вучні прав інцыяльнай Бабрыкоўскай сярэдняй школы прывезлі не толькі флеш-моб на нямецкай мове. Яны паказалі знікаючы абрад “Пырогі” з сапраўднымі пірагамі і багатым палескім застоллем. Мясцовая гаворка ўнесла асаблівы каларыт у гэты народны спектакль.
Сваха: То давайтэ ўжэ і пырогі мыняты. Свашка, бэрытэ наш хліб, коб у нашых молодых буў доўгі вік.
Гаспадыня: А я даю пырогі, шоб нашы молодые ў пары жылі, дай дыток нажылі. А мы будэм помагаты, дыток годоваты.
“Можа таму і шлюбы раней былі трывалыя, што беражліва ставіліся людзі адзін да аднаго, да моўнай спадчыны” – сам па сабе паспеў вынік пасля ўдалага выступлення бабрыкоўцаў.
Скажыце, які кандытарсі выраб можа канкурыраваць з выпечаным у пячы духмяным караваем? Задаволеныя госці частаваліся смачным гасцінцам і напявалі любімую песню настаўніка Пінкавіцкага народнага вучылішча Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Якуба Коласа) “Чаму ж мне не пець…”
Ніхто не хацеў раз’язджацца. Свята адбылося. Таленавітыя настаўнікі і здольныя вучні прыклалі для таго намаганні, прыпраўленыя павагай да роднага слова.
Вялікая падзяка ўсім, хто меў дачыненне да падрыхтоўкі гэтага свята.
Метадыст Жанна Верыч.