Тыдзень роднай мовы

22.02.2021
Сучасныя беларускія дзеці з самага нараджэння чуюць і вучацца размаўляць на рускай мове. А вось беларускую мову ў шырокім ўжытку чуюць мала, таму і маюць бедны слоўнікавы запас. Такім чынам, вельмі важным з’яўляецца стварэнне камунікатыўнага асяроддзя, якое б садзейнічала развіццю маўленчых навыкаў выхаванцаў, давала магчымасць для элементарных зносін на беларускай мове.

Так, у дашкольнай установе адукацыі “Плешчыцкі яслі-сад Пінскага раёна” з 15 па 19 лютага 2021 года прйшоў тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які святкуецца 21 лютага.

У кожнай групе з выхаванцамі праводзіліся тэматычныя заняткі і мерапрыемствы. Дзеці з задавальненнем гулялі ў беларускія гульні, адгадвалі загадкі, вучыліся называць прадметы на роднай мове і шмат іншага.

У рознаўзроставай групе № 1, якую наведваюць выхаванцы ад 1 да 3 гадоў перавага аддавалася мастацкаму слову: пацешкам, песенкам, забаўлянкам, казкам, вершам.

У рознаўзроставай групе № 2 дзеці апраналіся ў беларускае адзенне, разам з музычным кіраўніком, Зіновік І.А., гралі на музычных інструментах, спявалі калыханкі.

У групе інтэграванага навучання і выхавання № 2 прайшоў тэматычны інтэграваны занятак на якім дзеці знаёміліся з прыказкамі на роднай мове, прагаворвалі чыстагаворкі, інсцэніравалі верш, напісаны выхавацелем Дубейка Г.І. “Мова для шчасця”, завучвалі прыказку: “Слова, як птушка: паляціць – не зловіш”, выраблялі птушак, якія сімвалізуюць паняцці “слова, мова” з “добрымі словамі”.

“Мова для шчасця!”

Сёння свята роднай мовы,

Знаем мы яе часткова,

Але прагна яе вучым,

Пераймаць малым даручым!

 

Роднай мовы смак прыемны,

Каларытны і таемны,

Той, хто мову вывучае,

Той культуру адраджае.

 

А культура нам навошта?

Без яе народ – “нівошта”,

Быццам кожны сам сабе,

Зразумейце! – Быць бядзе!

 

Хто культуру адраджае,

Жыццё ў міры выбірае,

Людзей сталых паважае,

Чалавекам адчувае!

 

Няхай памятаюць ўсе,

Мова шчасце нам нясе!!!

 

Дзякуючы праведзеным мерапрыемствам на гэтым тыдні беларуская мова гучала штодня ва ўсіх ўзроставых групах, выхаванцы нашага сада атрымалі магчымасць убачыць прыгажосць і багацце моўнай спадчыны беларускага народа.

 

В.М. Сімановіч, намеснік загадчыка

па асноўнай дзейнасці

ДУА “Плешчыцкі яслі-сад Пінскага раёна”

Фотогалерея:

поделиться в: