“Постаці слаўныя краю майго”

13.01.2020
Так называецца конкурс, які рэдакцыя газеты “Пераходны ўзрост” ладзіла ў межах рэспубліканскай акцыі “Я гэты край радзімаю заву”.

Творчы конкурс праходзіў з сакавіка па кастрычнік 2019 г. У рэдакцыю газеты “Пераходны ўзрост” было даслана 560 работ. Аб’ектам даследавання школьнікаў з розных куткоў краіны сталі жыццё і дзейнасць знакамітых землякоў-сучаснікаў. 

Удзел у конкурсе прыняла і вучаніца 7 класа ДУА “Сошненская сярэдняя школа” Пінскага раёна Банько Кацярына разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры  Хандрыка Святланай Васільеўнай.

У аснову эсэ Кацярыны Банько лягла гісторыя пошукавай дзейнасці яе земляка, выпускніка Сошненскай СШ Анатоля Міхайлавіча Пятровіча, які зараз жыве ў Мінску і працуе ў галоўным упраўленні Нацыянальнага банка. Анатоль Міхайлавіч узначальвае пошукавую секцыю БГА "Ветэраны ваеннай разведкі". Дзякуючы яму адбылося перазахаванне рэшткаў партызан на могілках у яго роднай вёсцы Дубнавічы і ўсталяванне там абеліска. А яшчэ намаганнямі Анатоля Міхайлавіча сталі вядомыя імёны дзевяці ваенных разведчыкаў , членаў першага партызанскага атрада асобага прызначэння ў Лепельскім раёне. У яго планах яшчэ многа спраў, каб падняць і перазахаваць астанкі герояў, чые імёны неабходна вярнуць з небыцця. Рыхтуе да выпуску кнігу «Дзеля справядлівасці».

І вось на днях у школу прыйшла добрая навіна: Банько Кацярына заняла другое месца ў конкурсе і ўзнагароджана дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь!

Радаснай навінай падзяліліся і з Пятровічам А.М., якога вельмі кранула такая высокая ацэнка яго грамадскай дзейнасці.

Віншуем Кацярыну Банько і кіраўніка Святлану Васільеўну Хандрыка з перамогай у рэспубліканскім  конкурсе творчых работ і жадаем новых дасягненняў і  здзяйсненняў!

С.К.Кахновіч, галоўны спецыяліст