Літаратурная гасцёўня “Прыедзь у край мой ціхі”
04.12.201929 лістапада 2019 года ДУА “Парэцкая базавая школа імя Яўгеніі Янішчыц” Пінскага раёна прымала гасцей: паэтэсу, аднакурсніцу, сяброўку Я.І.Янішчыц, адну з укладальніц чатырохтомніка Тамару Пятроўну Аўсяннікаву, стрыечную сятру паэткі Раісу Баран, пляменніцу Таццяну, настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Пінскага раёна начале з метадыстам Шукала Анастасіяй Аляксееўнай.
Сустрэча адбылася ў народным літаратурным музеі Яўгеніі Янішчыц, які працуе ў школе з 1998 года.
Нагодаю для сустрэчы стала прэзентацыя 3-га тома літаратурна - мастацкага выдання “Яўгенія Янішчыц. Творы, жыццяпіс, каментарыі”.
Унікальнасць дадзенага тома ў тым, што сярод 780 прадстаўленых твораў 69 чарнавых накідаў, 360 вершаў чытач убачыць упершыню.
Пачынаецца кніга артыкулам “Раўнівы крытык, непакойся ў долі…”, далей ідуць вершы, песні, эпіграмы, кароткія выказванні, успаміны сарака шасці пісьменнікаў, журналістаў, знаёмых, а таксама маці паэткі Марыі Андрэеўны. Сем з гэтых успамінаў ніколі не публікаваліся. У трэцім томе надрукаваны вершы, пакладзеныя на музыку кампазітарамі Р. Давыдавым, Ю. Семянякам, М. Юрко і іншымі.
Сустрэча прайшла ў цеснай сяброўскай атмасферы. Настаўнікі, госці атрымалі магчымасць задаць пытанні Т.П.Аўсяннікавай. А Тамара Пятроўна ў сваю чаргу падзялілася меркаваннямі пра значэнне выхавання падрастаючага пакалення на нацыянальных традыцыях, культуры. І асобна спынілася на пытанні аб ролі мовы на сучасным этапе. “Мова, як і музыка, - адзначыла Аўсяннікава Т.П., - як нельга вылучыць лепшую музыку, так і нельга сцвярджаць, што адна мова лепшая за другую”. Так вядомая літаратуразнаўца падкрэсліла значнасць беларускай мовы сярод усіх моў свету.
Настаўнікаў цікавіла пытанне, як з’явілася ідэя сабраць усю творчую спадчыну Я.Янішчыц у акадэмічным выданні, і Тамара Пятроўна шчыра прызналася, што хацела абудзіць чалавечую памяць, жаданне гаварыць пра нашу славутую зямлячку на ўвесь свет, сцвердзіць уласную далучанасць да лёсу паэтэсы. Таму вершы ў трэцім томе падзелены на тры раздзелы: творы, якія публікаваліся, творы з архіваў і музея, а таксама творы вучнёўскай пары.
Усе прысутныя выказалі словы падзякі ўкладальнікам за іх нялёгкую, але вельмі значную працу, за магчымасць яшчэ раз перагартаць знаёмыя і малавядомыя старонкі біяграфіі Я.Янішчыц.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Парэцкай
базавай школы імя Яўгеніі Янішчыц С.А.Неўдах
Метадыст РВМК І.М.Самуйлік