Каласавіны 2019

06.11.2019
Дзе-дзе, а ў школах Пінскага раёна ўсе ведаюць, што Каласавіны – гэта Якуба Коласа імяніны. І што адзначаюцца яны штогод у народным літаратурна-краязнаўчым музеі Якуба Коласа ў Пінкавічах. Тыя, каму пашансавала хоць аднойчы ўдзельнічаць у свяце ведаюць, што кожныя каласавіны маюць нешта эксклюзіўнае…

Так, надоўга хапіла ўражанняў вучням і настаўнікам нашых школ, якія рыхтавалі ў мінулым годзе відэафільмы па творах “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. А лепшыя артысты і рэжысёры былі запрошаны на Каласавіны “Пінкавіцкі кінафестываль”. Ну, а Каласавіны гэтага года чым адметныя?

  • Сэнсацыя! Сэнсацыя!

Новай выставы прэзентацыя…

Традыцыйна зазывалі гасцей юныя гідаўцы. А выстава незвычайная!

Упершыню ў гісторыі музея ў нас цэлы месяц будзе гасцяваць экспазіцыя з унікальных экспанатаў, якія звязаны з асобай Якуба Коласа. Цікава яе прадставіла вядучы навуковы супрацоўнік Святлана      Пятроўна                      Цылімава.                                

Што тычыцца творчасці Якуба Коласа, то ў цэнтры ўвагі на гэты раз быў твор-юбіляр - трылогія “На ростанях”. Тэатралізаваныя ўрыўкі з яе таленавіта прадставілі гледачам вучні Пінкавіцкай і Аснежыцкай сярэдніх школ, якіх  падрыхтавалі мілавідныя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Марыя Паўлаўна Дудко і Алена Уладзіміраўна Кудзіна.

Цікавы сюрпрыз падрыхтавала Марыя Паўлаўна Дудко – цудоўнае выкананне песні “Ручэй” на словы Я.Коласа.

Паэзія Якуба Коласа, як вядома, напеўная і мілагучная. Таму ўдзельнікі каласавін з задавальненнем выконвалі песню-гімн малой радзіме “Мой родны кут…”, словы якой ужо другое стагоддзе кранаюць да слёз і выхоўваюць любоў да роднай зямлі.

Яшчэ гасцям былі прапанаваны цікавыя гульні, фрагменты з экскурсій.

Па добрай традыцыі напрыканцы свята ўсе выконвалі любімую песню славутага песняра “Чаму ж мне не пець…”

P.S.: Вы не патрапілі да нас на Каласавіны? Не турбуйцеся. Мы робім усё, каб кожная экскурсія ў нашым музеі стала для вас сапраўдным святам роднага слова, якое проста і прагожа ўвабрала ў сябе творчасць Я.Коласа.

Метадыст Жанна Верыч

 

Фотогалерея: