Наша спадчына

01.04.2016

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына…

         Менавіта словамі з верша Я.Купалы  “Спадчына” ва ўстанове адукацыі “Бабрыкоўская сярэдняя школа” Пінскага раёна пачаўся конкурс “Радавод”, які праходзіць у рамках фестывалю талентаў на працягу навучальнага года.

         Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Завадская С.М. запрасіла гледачоў зрабіць падарожжа па народных святах і абрадах, якія адзначаюць беларусы на працягу года. А пачалося  падарожжа з зімы,дзе самае галоўнае свята  – Каляда. Абрад святкаванняпрадставілі вучні ХІ класа, у абрадзе прынялі ўдзел і  бацькі вучняў: Быковіч Ж.В., Міхалевіч І.В., Калесніковіч В.І. Абрад суправаджаўся песнямі і танцамі, гаспадыняй свята стала  Каза, таму што лічылася, што “дзе каза ходзіць – тамжыта родзіць”, дзе “каза рогам – тамжыта стогам”, “дзе каза нагой – тамжыта капой”.

          На Каляды шмат танцавалі, спявалі, а вучні VII класа выканалі калядную песню, якую традыцыйна спяваюць на свята ў вёсцы Дабраслаўка Пінскага раёна.

          На свята “Масленіца” запрасілі гледачоў вучні Х класа пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка Курыльчык Т.Р. Гледачы паласаваліся стравамі з малака і блінамі.

                              Уцякай, мароз-дзядуля!

                              Чуеш ты, стары, ці не?

                              На пагорках булі-гулі –

                              Песні чуюцца… вясне.

(Я. Колас)

         Пачатак вясны беларусы сустракалі святам “Гуканне вясны”, якое прадэманстравалі вучні VI класа  пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Калесніковіч А.У. Сухаверхая Вольга праспявала вяснянкі, у якіх беларусы звярталіся да прыроды.

         Пасля вясны, якая адорвае зямлю цяплом і сонечным святлом, надыходзіць  лета. Вучні пачатковых класаў спявалі прыпеўкі і песні пра лета. Дроз Дар’я і Завацкая Аліна выканалі песню “Курка Чаботурка”, якую ім перадала прабабуля Завацкая Марыя Уладзіміраўна з вёскі Церабень Пінскага раёна. 

         Восеньскіх свят значна менш, чым іншых. Тлумачыцца гэта  тым, што заканчваюцца палявыя работы і наступае кароткая перадышка. А што ёсць святы, ды без байкі. Дрозд Ганна, вучаніца ІХ  класа, у ролі сапраўднай гаспадыні расказала байку пра бабулю Хвядору.

         На жаль, конкурс скончыўся, падведзены вынікі, аднак яшчэ доўгі час вучні і бацькі ўспаміналі нумары з конкурса.

         Веданне гісторыі свайго краю, песен, абрадаў – важная частка культурнай спадчыны народа, якая спадарожнічае чалавеку на працягу ўсяго яго жыцця.

         Як усё ж такі добра, што мы нарадзіліся ў такім прыгожым краі, сярод такога здольнага народа. І пакуль будзе жыць наш народ, датуль будуць заварожваць нашу душу бабульчыны песні, матуліны казкі, весяліць наша сэрца народныя жарты.

Н.М.Курыльчык, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце

ДУА “Бабрыкоўская сярэдняя школа” Пінскага раёна

поделиться в: