Любіць свой край – значыць ведаць яго

04.04.2016

       “Не трэба далёка ехаць за моры, за горы, каб даведацца штосьці новае, цікавае” – вырашылі юныя вандроўнікі раённага цэнтра турызму і краязнаўства, школьнікі Ставоцкай сярэдняй школы, адпраўляючыся ў падарожжа па малой радзіме ў свабодны ад заняткаў дзень - суботу. Бо ж сапраўды, ў нас сваіх цікавых мясцін, людзей, легендаў аб іх, шмат яшчэ не зведана, не замацавана ў дзіцячай памяці. А маршрут не складаны: Ставок – Парэчча.

         Першыя легенды,  аб якіх  даведаліся юныя краязнаўцы – аб паходжанні ракі Ясельда, назве вёскі.

        Першы экскурсійны аб’ект – царква Ражства Багародзіцы, размешчаная ў цэнтры вёскі. Даведваемся, што на месцы новенькай царквы, калісь стаяў стагадовы помнік архітэктуры, які быў знішчаны палымем.

        Другі аб’ект – музей палесскай кнігаўкі Я.І.Янішчыц. Вычарпальна цікавую экскурсію, напоўненную вытрымкамі з вершаў легендарнай паэткі, правяла захавальнік музея і таленавіты экскурсавод А.П.Сідарук. З непадробнай  цівасцю юныя краязнаўцы слухалі гісторыі аб жыццёвым і творчым шляху  Я.Янішчыц, разглядалі яе  сшыткі з вершамі, асабістыя рэчы, узнагароды і фотаздымкі.  У канцы экскурсіі, шчыра  падзякаваўшы за новыя веды, за цікавую экскурсію, сфатаграфаваліся з Антанінай Паўлаўнай на пямяць і накінулі  словы ўдзячнасці ў кнізе водгукаў.

       Пасля музея нітка маршрута праходзіла праз помнік прыроды 1963 года - парк рэспубліканскага значэння “Парэчча”, закладзены ў XIX стагоддзі пры ўсадзьбе Скірмунтаў. Цэнны парк сваімі экзотамі, якіх мае 200: піхта белая, дугласія цісалістая і блакітная, сосны Веймутава, Банкса, жосткая, кедравая еўрапейская, елкі канадская і звычайная змеевідная. Осабліва унікальныя цюльпанавае дрэва, балотны кіпарыс і адзіны ў рэспубліцы экзэмпляр елкі звычайнай залацістай.

         У розныя гады тут, на тэрыторыі парка,  дзейнічалі цукровая, суконная фабрыка, вінакурны завод, цяпер - ад прамысловасці застаўся толькі з чырвонай цэглы будынак.

         У парку наведалі ваеннае пахаванне  перыяду польска-савецкай вайны, на паўночнай ускраіне, дзе захаваны польскія салдаты, загінуўшыя ў 1919 годзе. Апошнім  ўладальнікам памесця, грамадскім дзеячам, прамышленнікам, мецэнатам Р.А.Скірмунтам у 1934 годзе пастаўлены абеліск. А недалёка ад яго – пахаванне самога Р.А. Скірмунта.

         Гэты экскурсійны маршрут скончаны, але наперадзе яшчэ шмат цікавых месцаў, людзей, звестак, знаходак. Мы любім свой край, а значыць – будзем прадаўжаць яго вывучэнне.

                                                                       С.А.Кучынская, метадыст РЦТіК,

                                                                      фотаздымкі аўтара