Прыедзь у край мой ціхі

05.05.2016

Прыедзь у край мой ціхі,

Тут продкаў галасы,

Тут белыя бусліхі

І мудрыя лясы.

          Словамі беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц пачалі вядучыя –юныя краязнаўцы раённага цэнтра турызму і краязнаўства  фестываль, што адбыўся на базе Ставоцкай сярэдняй школы, адзначыўшы, што гаворка на свяце пойдзе аб родным краі, аб яго прыгажосці і праблемах, а таксама аб таленавітых людзях, што ён нарадзіў.

          Ганаровым  госцем свята стала Марыя Ўладзіміраўна Кобец – пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, рэдактар аддзела навін карэспандэнцкага пункта г.Пінска РУП РТЦ “Тэлерадыёкампанія “Брэст”.

          Першае выступленне дало магчымасць акунуцца ў самую глыбіню вясковага жыцця, пачуць самабытныя, непаўторныя мясцовыя гаворкі, песні, танцы, жарты, якія былі прапанаваны прысутным Чухаўскімі краязнаўцамі, што працуюць пад кіраўніцтвам Нарывончык С.А. Вы не паверыце,  сучасныя дзеці дасканала валодаюць мясцовым фальклорам!

         Калі на сцэну выйшла Лізавета Свірэпа -  юны экскурсавод з Купяціцкай СШ (Шпакоўская Р.У.)  і з такой шчырасцю правяла экскурсію па роднай вёсцы, выкарыстаўваючы легенды, мясцовую гаворку і  гістарычныя факты, якімі падмацоўвала экскурсійны маршрут, што ні ў аднаго з прысутных не засталося сумнення ў тым, што дзяўчынка любіць мясціну, дзе нарадзілася і расла.

         Нямала ў Пінскім раёне прыгожых, цікавых мясцін, але здаралася такое, што тапталі нашы землі ворагі, знішчалі і прыгажосць, і… чалавечыя жыцці. Закрануў сваім чорным крылом беларускія землі і Чарнобыль, забраўшы сотні тысяч чалавечых жыццяў – болем і страхам прагучала прэзентацыя аб Чарнобыльскай трагедыі ў выступленні Ставоцкай краязнаўцы.

         Калі на сцэну выйшла педагог дадатковай адукацыі Бунькевіч Алена Пятроўна і прачытала верш М.Кобец “Хопіць ужо замнога..”, прадоўжыўшы распачатую тэму – у зале ўсталявалася цішыня, па целу прабег халадок.

         Марыя Ўладзіміраўна, адзначыла, што у апошні час філасофская тэма стала цэнтральнай у яе ў яе творчасці. 

        У інтэрв’ю з юнай краязнаўцай з Валішчанскай школы пэтэса коратка расказала пра сябе, пра пачатак творчага шляху, які пачаўся яшчэ ў школьныя гады. У 2007 годзе паэтку заўважылі. У 2011 - Палеская Мадона з Валішча выдала першы зборнік сваіх вершаў “Кроплі” і прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Цяпер працуе над зборнікам перакладаў вершаў пісьменнікаў з розных  краін свету.

         На пытанне “у чым сакрэт Вашага поспеху?”, М.Кобец адказала, што да кожнай справы патрэбна падыходзіць з душой і тады ўсё атрымаецца, а што датычыць паэзіі  -  “Паэзія для мяне – жыццё”.

        Юныя краязнаўцы доўгімі, удзячнымі  аплыдысментамі падтрымалі прамеладыкламаваны верш аб малой радзіме, папрасілі паэтэсу адказаць на некалькі пытанняў з  залы, а пасля паднеслі ёй падарункі – зробленыя сваімі рукамі і музычны.

       Кашавіцкія краязнаўцы ў сваёй даследчай рабоце пазнаёмілі з майстрам саломапляценя Сеафанам Фамічом Севярын, работы якога славяцца не толькі ў нашым раёне і суседніх, але і ў іншых краінах свету. (На жаль, узрост не дазволіў майстру прысутнічаць на нашым свяце).

       У інтэрактыўнай форме правяла экскурсію педагог дадатковай адукацыі С.І.Юшкевіч, прынёсшы з сабой “Музей у чамадане”. У прысутных была магчымасць дакрануцца да вечнасці. С.І. даказала, што музей – гэта не толькі захавальнік прадметаў старыны, але ён – захавальнік памяці аб людзях і фактах розных часоў. А музеі патрэбны, каб кожнае пакалення магло пакінуць сваю спадчыну для нашчадкаў.

           Скончылася свята на яркай ноце: на сцэну выйшла  М.А.Кравец – дырэктар раённага цэнтра турызму і краязнаўства, падзякаваўшы за рэзультатыўныя творчыя справы, адзначыла работу лепшых удзельнікаў рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”,  выказаўшы гонар за нашу таленавітую моладзь, якая не ставіцца абыякава да таго, як жыла і чым жыве сёння наша краіна. 

 

                                                                                            С.А.Кучынская, метадыст

ДУА “Пінскі раённы цэнтр турызму

                                                                                       і краязнаўства дзяцей і моладзі”

 

поделиться в: