Аб творчай сустрэчы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, вучняў старэйшых класаў з паэтам-земляком Анатолем Шушко
23.05.2016
Мне гаманіць ВЯСНОВЕЙ |
||
18 мая 2016 года ў ДУА "Стытычаўская сярэдняя школа" Пінскага раёна адбылася творчая сустрэча настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, членаў праблемнай групы, вучняў 10-х профільных класаў па беларускай мове ДУА "Стытычаўская сярэдняя школа" Пінскага раёна і ДУА "Плешчыцкая сярэдняя школа" Пінскага раёна з Анатолем Іванавічам Шушко, вядомым паэтам Піншчыны, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтарам кніг “Выток і прычасце”, “Шаны” (шан – мера жыта ў весцы, дзе нарадзіўся паэт) і інш. |
||
На парозе школы вучні сустрэлі гасцей абрадавай песняй, якая суправаджалася народным танцам “Жніво”, а пасля запрасілі да сябе на мерапрыемства, прысвечанае творчасці паэтаў і пісьменнікаў Піншчыны. Вучні нагадалі аб творчасці знакамітых землякоў, дэкламавалі іх вершы, у суправаджэнні музыкальнага інструмента дзяўчынкі выканалі песню на словы Надзеі Парчук. |
||
Самыя моцныя ўражанні засталіся ў удзельнікаў мерапрыемства ад дыялогу з Анатолем Іванавічам, які спачатку расказаў пра свае першыя крокі ў паэзіі, з пацертага вучнеўскага сшытка зачытаў свае першыя вершы школьнага і студэнцкага часу. Паэт паказаў дзецям усе свае лісты з адказамі і рэкамендацыямі ад рэдакцый газет і часопісаў на яго вершы для публікацыі. Рэдактарамі яго спроб пяра былі Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Яўген Крупенька, Мікола Хведаровіч, Міхась Рудкоўскі і др. |
||
Анатоль Іванавіч шмат сваіх вершаў прысвяціў сваёй малой радзіме, землякам. З праніклівым болем, шчырай гораччу нязменнай страты прачытаў паэт верш “Зямлячцы”, прысвечаны Яўгеніі Янішчыц, верш “Маёй Беларусі”. Вершы “Дыялог у Пінску”, “Пінскі вальс”, “А зараніцам спець” і іншыя прагучалі на мерапрыемстве ў выкананні вучняў. |
||
Анатоль Іванавіч прапанаваў вучням незвычайнае творчае заданне: прыдумаць і дадаць рыфму да яго радкоў, і тым самым паспрабаваць сябе ў ролі паэтаў. Ахвотна адказаў на ўсе пытанні вучняў наконт яго творчасці і натхнення. |
||
Вялікую ўдзячнасць выказаў Анатоль Іванавіч настаўнікам, якія выкладаюць родную мову, прывіваюць дзецям любоў да Радзімы. Выказаў сваё задавальненне ад таго, што дзеці-палешукі не забываюць традыцыі сваіх продкаў і тут жа зачытаў радкі, навеянныя ўражаннем ад сустрэчы з вучнямі і ўсімі зацікаўленнымі на мерапрыемствы. | ||
Хочацца адзначыць, што гэта не першая сустрэча навучэнцаў з паэтамі і пісьменнікамі Піншчыны. Дзеці з задавальненнем на працягу навучальнага года наведваюць і музей Я.Янішчыц у в. Парэчча, музей Я.Коласа ў в. Пінкавічы, музей А.Блока ў в. Лапаціна, дзе есць магчымасць дакрануцца да мінуўшчыны, да перыяду жыцця і творчасці паэтаў. Не так даўно вучні ДУА “Лышчанская сярэдняя школа” Пінскага раёна з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры запрашалі Анатоля Іванавіча Шушко да сябе на сустрэчу. Акрамя таго, вучні раёна штогод прымаюць актыўны ўдзел у літаратурным конкурсе пачанаючых паэтаў і празаікаў “Дэбют”, па выніках якога друкуюцца зборнікі вершаў “Літаратурны вернісаж”, “Свет вачыма дзяцей” і інш. Людміла Іванаўна Сачкоўская, настаўнік ДУА "Стытычаўская сярэдняя школа" Пінскага раёна са сваімі навучэнцамі супрацоўнічаюць з кафедрай журналістыкі пры Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна, штогод актыўна прымаюць удзел у абласным конкурсе “Стань журналістам”, у абласным творчым юнкараўскім конкурсе “Маршрут міласэрнасці” (намінацыя “Інтэрв’ю”), дзе маюць значныя дасягненні. У настаўніка з вучнямі наладжана цесная сувязь с паэткай Піншчыны Надзеяй Парчук, якая не змагла прыехаць на запланаваную сустрэчу па хваробе і паабяцала прыехаць на пазакласнае мерапрыемства восенню. |
||
Усе прысутныя засталіся задаволеныя сустрэчай з паэтам. Кожны з сабой вынес часцінку цяпла і шчырасці паэта, а жадаючыя завалодалі аўтографам паэта-земляка і зрабілі фатаздымкі на памяць! |
||
|
||
Метадыст ВМК РААСіТ І.М. Шэлест |