Прэзентацыя першага тома кнігі С.У.Калядка, Т.П.Аўсяннікавай “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”

02.12.2016

І гучыць твой радок,

І звініць твае слова

У  ДУА “Парэцкая базавая школа імя Я. Янішчыц” адбылася прэзентацыя  першага тома кнігі “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”.  У зале сабраліся аўтар кнігі Таццяна Пятроўна Аўсяннікава, сын паэтэсы Андрэй Янішчыц, родныя і прыхільнікі яе творчасці. Таццяна Пятроўна расказала аб матэрыялах, якія ўвайшлі ў  першы том, будуць размешчаны ў наступных трох кнігах. Аўтар адзначыла, што ў кнізе чытач знойдзе ўступны біяграфічны артыкул, хроніку жыцця  і творчасці, радаводы па лініі маці і бацькі,  успаміны пра родных, суседзяў, аднакласнікаў, настаўнікаў.

Вядучы мерапрыемства, а гэта дырэктар музея Я.Янішчыц, Антаніна Паўлаўна Сідарук  распачала гутарку пра жыццевы шлях паэтэсы, яе станаўленне. Заслухалі ўспаміны  родных, настаўнікаў, аднавяскоўцаў. Вучні школы прачыталі вершы аўтара, прадстаўнікі Парэцкага Дома культуры выканалі любімыя песні Я. Янішчыц.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Парэцкая базавая школа імя Я. Янішчыц” Неўдах С.А. зазначыла, што кніга -  гэта тая крыніца, якая адпавядае  нашым запытам і будзе карыснай як для выкарыстання на ўроках, пазакласнай рабоце, так і для павышэння  прафесійнага майстэрства кожнага настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

Адзінае, што зразумела ўжо цяпер, - паэзія Яўгеніі Янішчыц будзе каштоўнай і ў будучым стагоддзі і праз стагоддзе. Паэзія душы, кахання, асабістых успамінаў заўсёды будзе мець свайго чытача. А імя Я. Янішчыц застанецца ў памяці кожнага, хто хоць раз у жыцці адкрываў зборнік яе вершаў.

 

Метадыст ВМК С.К.Кахновіч