Нас выклікае “Зарнічка”

30.03.2017

Вясёлым гаманком і радасным смехам дзяцей быў абазначаны пачатак спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарнічка”, якая прайшла 28 сакавіка ў ДУА “Чухаўскі яслі-сад Пінскага раёна”. Яе мэта -  фарміраванне цікавасці да здаровага ладу жыцця, развіццё фізічных якасцей дзяцей, здольнасці да ўзаемадапамогі.

Яркім і запамінальным было прадстаўленне каманд. Свае візітоўкі (песню і дэвіз) прэзентавалі дзве каманды выхаванцаў старэйшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту – “Танкісты” і “Лётчыкі”. Ужо на самым пачатку было відаць, як выхаванцы стараліся. Затым – праблемная сітуацыя - з тэрыторыі садка неверагодным чынам знік партфель з сакрэтнымі дакументамі. Менавіта яго і трэба было знайсці.

Рухаючыся ў накірунку, які  ўказвала карта, “Танкісты” і “Лётчыкі” дэманстравалі свае навыкі хадзьбы парамі, аказання першай медыцынскай дапамогі, прыгатавання абеду, пападання ў мішэнь. Удзельнікам былі прапанаваны і пытанні на кемлівасць (напрыклад, “У якой краіне мы жывем?”, “Хто нас ахоўвае?”, “Якую ваенную тэхніку вы ведаеце?”, “Назавіце ваенныя прафесіі” і інш.).

У рэшце рэшт партфель з дакументамі быў знойдзены. Яго перадалі ўладальніку - чалавеку ў ваеннай форме, жыхару вёскі Чухава А.В. Нарывончыку. Але колькі радасці было ў дзяцей! “Ура! Ура! Знайшлі!” – наперабой лікавалі яны. Іх вочкі ззялі шчасцем, яны мітусіліся і абнімалі адзін аднаго. У якасці ўзнагароды ўдзельнікам былі ўручаны медалі ў выглядзе зорачак.

Нашы выхаванцы вельмі любяць такія мерапрыемствы. Сумесныя заданні і атрыманыя ад іх выканання эмоцыі спрыяюць не толькі фізічнаму развіццю дзяцей, але і развіваюць пачуццё патрыятызму, згуртоўваюць дзяцей у дружны калектыў, вучаць сяброўству, фарміруюць навыкі ўзаемадапамогі.

Т.Ф. Цімашук, музычны кіраўнік, К.А. Лінкевіч, выхавацель ДУА “Чухаўскі яслі-сад Пінскага раёна”