Як жа нам пашанцавала: экспанатаў болей стала

30.08.2017

Прысваенне статусу ”народны” літаратурна-краязнаўчаму музею Якуба Коласа стала добрым штуршком-рухавіком у нашым цікавым музейным жыцці. “Трымаць марку” – такі наш сённяшні дэвіз.

Як вядома, цікавасць да музея залежыць у першую чаргу ад яго экспанатаў: іх колькасці і гістарычнай каштоўнасці. А знайсці іх не так-та лёгка.

У рамках акцыі ”Падары музею экспанат” адбылася важная падзея: па шчаслівай выпадковасці экспазіцыю з прадметаў вясковага побыту пачатку 20 стагодзя нам перадала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Наталля Іванаўна Петрашкевіч. Можна сказаць, што мы знайшлі скарб. Каштоўна ўсё! І самаробны кованы цвік, і вялізны кораб-кубел, і хусткі-акручванкі…Не бяда, калі часам знікне электрычнасць. Керасінавы небяспечны ліхтар, нягледзячы на свой векавы ўзрост, прыйдзе вам на дапамогу.

Са слоў Наталлі Іванаўны мы даведаліся,што шмат экспанатаў прынёс у школу карэнны жыхар нашай вёскі Аляксандр Свавулец. А самыя цікавыя экспанаты падарыў, уявіце сабе, дырэктар школы Віктар Віктаравіч Гаўрыловіч.

Патрэбна сказаць, што былі і іншыя крыніцы паступлення экспанатаў. Рабочы нашага Цэнтра творчасці Фёдар Жылевіч дастаў з гарышча сваёй хаты гліняны жбан з тлушчам, які прастаяў там каля паўвека, не страціўшы смакавых якасцей. Гэта што, фенамен егіпецкіх пірамід?

Думаецца, што пасля наведвання нашага музея камусьці захочацца паспрабаваць прыгатаванай у гаршку стравы, хтосьці захоча апранацца ў ільняное адзенне…

Дарэчы, акцыя прадаўжаецца.Магчыма, менавіта ў вас знаходзіцца самы цікавы экспанат.

А напрыканцы свайго артыкулу хочацца зрабіць а’яву ўсім, каго цікавіць жыццё музея.

ХАЙ ЧУЮЦЬ УСЕ АБ ГЭТЫМ СВЯЦЕ,
НЯХАЙ ЗБІРАЕЦЦА НАРОД,
БО БУДЗЕ Ў КОЛАСАВАЙ ХАЦЕ
АРТЫСТАЎ ДЫ ПАЭТАЎ СХОД.
ДЛЯ НАС ДАЛІ ”НАРОДНЫ” ЗВАННЕ:
ТАМУ СКЛІКАЕМ МЫ ГАСЦЕЙ.
ПАБАЧЫЦЬ ГЭТА СВЯТКАВАННЕ
ВАС ЗАПРАШАЕ НАШ МУЗЕЙ.

Свята адбудзецца 22 верасня 2017 года а 12-ай гадзіне дня па адрасу:в.Пінкавічы, вул. Школьная, 18.Народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа.

Жанна Верыч, метадыст