Капітан піянерскага руху

02.09.2017

Усім, хто быў актыўным піянерам, ці працаваў з імі, ці наведваў Дом піянераў у якасці госця, імя і воблік гэтай жанчыны добра вядомыя, бо яе лёс і лёс Пінскай піянерыі вельмі ўжо цесна перапляліся.

Так-так, вы не памыліліся, гэта Ніна Ціханаўна Шахновіч. Прыгожая, з экзатычнымі рысамі твару, з надзейнымі чалавечымі рысамі характару ды з высокімі прафесійнымі якасцямі жанчына. І хоць яна ўжо не працуе ў адукацыі раёна, але і сёння ветэран педагагічнай працы ў курсе ўсіх яе спраў.

Аднак, па-парадку. Пасля заканчэння Лоеўскага педвучылішча, што на Гомельшчыне, наша гераіня атрымала размеркаванне ў Пінскі раён, дзе і засталася на ўсё жыццё. Тут яна прайшла ўсе прыступкі прафесійнага станаўлення: ад піянерважатай да дырэктара раённага Дома піянераў. Той факт, што яна згадзілася на пасаду дырэктара, прымушае паважаць гэту жанчыну. Справа ў тым, што Дом піянераў перанеслі ў будынак былой Пінкавіцкай школы, які патрабаваў рэканструкцыі і рамонту. Спужаўся б хтосьці, толькі не Ціханаўна. І неўзабаве перад здзіўленымі аднавяскоўцамі стаяў не проста Дом піянераў, а Дварэц прыгажосці.

Раённыя святы, абласныя і рэспубліканскія семінары, сустрэчы замежных дэлегацый…Цяжка пералічыць усе мерапрыемствы, якія праходзілі у гэтай установе падчас працы у ёй Ніны Ціханаўны. І ўсім ім, патрэбна сказаць, ставілася выдатная адзнака.

У Ніны Ціханаўны, як і ў жыцці кожнай творчай асобы, ёсць свая вяршыня, свой Эверэст. Гэта музей піянерскай славы, аналагаў якому няма ў рэспубліцы. Яна – ініцыятар, стваральнік гэтага куточка піянерскай гісторыі.

Дарэчы, усіх, каму цярэбяць душу успаміны аб піянерскім дзяцінстве савецкага часу, каго цікавіць мінулае піянерыі, запрашаем у музей.

Нельга не сказаць пра тое, што ва ўстанове, якую ўзначальвала Ніна Ціханаўна, і да гэтага часу захавалася такая ўласцівасць: усе, хто працаваў у ёй хоць кароткі час (а для многіх гэта была прыступка ў кар’ернай лесвіцы),

змяняліся і знешне, і ўнутрана: прыгажэлі. Чэхаўская прыгажосць кіраўніка пранізвала кожнага супрацоўніка.

Дзяржава заўважала адданасць нашай калегі ў працы, неабыякавасць, ініцыятыўнасць. І таму не раз Ніна Ціханаўна атрымлівала розныя ўзнагароды раённага, абласнога, рэспубліканскага, нават саюзнага (у часы Савецкага Саюза) значэння. Яшчэ яна – Ганаровы Піянер Брэсцкай вобласці, а нядаўна ўдастоена звання “Ганаровы Піянер Рэспублікі Беларусь”.

Не пабаімся сказаць, што дзякуючы такім прафесіяналам працвітае не толькі адукацыя, але і ўся беларуская зямля.

Добрая маці, чулая бабуля, нястомная працаўніца, капітан піянерскага руху – Ніна Ціханаўна Шахновіч – адзначае свой прыгожы юбілей. Вельмі ўжо знакава, што дзень яе нараджэння – 1 верасня: пачатак новага навучальнага году, пачатак восені… Няхай жа кожны дзень у Вашым жыцці пачынаецца з радасці,бадзёрага настрою, задаволенасці ўсім і ўсімі.

Калектыў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна