Гучыць беларускае слова…

26.09.2017

У кожнага народа ёсць людзі, калі гонарам перапаўняецца сэрца, пачуўшы іхнія імёны. Для беларусаў адны з іх – Янка Купала, Якуб Колас.

У 2017 годзе Беларусь адзначае 135-годдзе з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, знакамітых песняроў беларускага народа, народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Пра людзей мы мяркуем па справах, якiя яны здзейснiлi, па спадчыне, якую яны пакiнулi сваiм нашчадкам.

З нагоды юбілеяў - 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135 – годдзя з дня нараджэння Купалы і Коласа, а таксама з мэтай узгадаць старонкі жыцця і творчасці знакамітых і вядомых дзеячаў, адзначыць важнасць і значнасць працы і жыцця нашых землякоў Ф.Скарыны, Янкі Купалы і Якуба Коласа, засяродзіць увагу вучняў на гістарычным лёсе Беларусі, абудзіць цікавасць да мінулага краіны і нацыянальнай спадчыны ў ДУА “Дамашыцкая базавая школа” Пінскага раёна 4 ліпеня 2017 г. было праведзена інтэлектуальнае свята: конкурс знаўцаў пад назвай “Ад Скарыны да Купалы і Коласа”.

У ходзе літаратурнага марафону па жыцці і творчасці Ф. Скарыны, Я.Купалы і Я.Коласа вучні пазнаёміліся з цікавымі фактамі жыцця пісьменнікаў, пагутарылі аб значэнні кнігі ў жыцці чалавека, а таксама прагледзелі прэзентацыі пра жыццё  і творчасць паэтаў. Мультымедыйнае падарожжа па жыцці і творчасці юбіляраў дапамагло ўзгадаць старонкі біяграфіі, працы і паэтычнай дзейнасці, адчуць складанасць жыццёвых нягод і выпрабаванняў, якія перажылі знакамітыя сыны беларускай зямлі.

Падчас мерапрыемства вучні спыняліся на станцыях “Гістарычная”, “Біяграфічная”, “Літаратурная”, “Творчая”, “Пазнавальная”, “Музычная”, на прыпынках якіх чыталіся вершы класікаў, а таксама творы, прысвечаныя вядомым дзеячам беларускай культуры, разгадваліся крыжаванкі, гучалі адказы на пытанні з “канвертаў з сакрэтам”, віктарын, узгадваліся вершы, на якія напісаны песні і якія пяе наш народ, заслухваліся звесткі з рубрыкі “Ці ведаеце вы, што…”. 

Купалаўская вечарына “Пявучае купалаўскае дрэва” прайшла 2 верасня 2017 г. сярод вучняў 7-9 класаў. Падчас мерапрыемства вучні адказвалі на пытанні фотавіктарыны, абаранялі падрыхтаваныя літаратурныя газеты, прысвечаныя пісьменніку, гаварылі цёплыя і шчырыя словы ў гонар народнага песняра. 

З вучнямі 3 - 4 класаў 16 верасня 2017 г. была праведзена гульня – падарожжа “Без іх імёнаў я Беларусь не ўяўляю”. Дзеці, падарожнічаючы па станцыях, знаёміліся з жыццём і творчасцю паэтаў, даведаліся, як народ увекавечыў памяць народных пісьменнікаў, чыталі творы беларускіх класікаў.

Імкліва бягуць гады... Але колькі б часу ні прайшло, заўсёды будуць жыць у памяці Ф.Скарына, беларускі першадрукар, выдавец, перакладчык Бібліі на родную мову, Янка Купала і Якуб Колас – выдатныя пісьменнікі, без якіх немагчыма ўявіць беларускую літаратуру, веліч і значэнне якіх узрастаюць ад пакалення да пакалення.

…Ляціць над зямлёю сакавітае, мілагучнае беларускае слова...

…Ляціць праз гады і стагоддзі, праз рэвалюцыі і войны, перажываючы то заняпады, то ўздым. 

…Ляціць ад часоў Францыска Скарыны да часоў Янкі Купалы, Якуба Коласа і да сённяшняга часу… 

Захарава А.Г., Шпакоўская Н.Я., настаўнікі Дамашыцкай БШ

С.К. Кахновіч, метадыст РВМК