Прысваенне статусу «народны» музею Якуба Коласа

26.09.2017

22 верасня у вёсцы Пінкавічы па вуліцы Школьнай, 18 амаль з самай раніцы пачалі збірацца госці. І на тое была прычына: літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа святкаваў прысваенне статусу «народны».

Да свята рыхтаваўся ўвесь раён. Асабліва чакалі гэтага свята пінкаўцы і вішаўляне, у чыіх сем’ях нашчадкамі вучняў і школьных сяброў Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча беражліва захоўваюцца ўспаміны аб настаўніку.

Дзяўчынкі з аб’яднання па інтарэсах “Гаваркія і дапытлівыя” гасцінна заклікалі ўсіх гасцей.

Свята рыхтавалася ў цесным супрацоўніцтве і ўзаемаразуменні аддзела адукацыі, спорту і турызму з аддзелам культуры, ідэалогіі і па справах моладзі Пінскага райвыканкама. Народны фальклорна-этнаграфічны калектыў Пінкавіцкага СДК “Крыніцы” стаў сапраўдным упрыгожваннем фэсту. Сваімі песнямі яны стваралі непаўторны нацыянальны беларускі каларыт. У ролі Лявоніхі і Сымоніхі (вядучых гульнёва-забаўляльнай праграмы) выступілі супрацоўнікі Малоткавіцкага СДК Т.В. Гетман і Т.С. Боршч. Цудоўную тэатралізацыю “Жніво” па матывах вершаў Коласа паказалі артысты СДК і бібліятэк вёсак Бобрык і Дабраслаўка.

А пачынаў урачыстую частку свята калектыў педагогаў і навучэнцаў Пінкацкай ДШМ кампазіцыяй “Мой родны кут” у суправаджэнні танцавальнага калектыва “Подсолнухи” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Далей увазе гасцей ў вестыбюлі музея была прадстаўлена вершаваная пастаноўка “Чаму музей сабраў гасцей”, пад час якой адчуваўся баланс суму і радасці, гумару і сур’ёзнасці. З увагай і замілаваннем слухалі прысутныя аповед Марыі Міхайлаўны Міцкевіч, унучкі Я.Коласа, пра знакамітага дзеда.

Тым часам, Лявоніха і Сымоніха, гурт “Забава” ЦТДзіМ (кір. Алешка Л.М.), калектыў “Крыніцы” ў двары музея працягвалі свята.

Потым музей на нейкі час стаў літаратурнай гасцёўняй, што сабрала тых, для каго імя Я. Коласа, яго музей ў Пінкавічах, які стварыў І.І. Калоша, значаць нямала.

Дачка І.І. Калошы Ірына Іванаўна, якая разам з роднымі была запрошана на свята, дзялілася з прысутнымі сваімі цікавымі ўспамінамі.

А пінскія літаратары, члены клуба “Пінчукі”, начале з М.І. Ляшук сваё выступленне ладзілі пад дэвізам: “Мне Колас, як хрышчоны бацька, у літаратараў сям’і”. Цікавыя прысвячэнні народнаму песняру падарылі музею Г. Лазіцкая, М. Башчук, Л. Шклёда, В.Грышкавец. Творчы сямейны дуэт бардаў Шаўчукоў парадаваў прысутных выкананнем лірычных песняў, прысвечаных Палессю.

Н.Р. Палавец, якая дзесяць гадоў кіравала музеем Якуба Коласа, правяла для гасцей цікавую экскурсію і падзялілася сваімі ўспамінамі.

Расчуленая цёплым прыёмам, увагай да асобы свайго вядомага дзеда М.М. Міцкевіч падзякавала арганізатараў свята і падарыла музею фатаздымкі з сямейнага альбома Я. Коласа і кнігі аб песняры з подпісам сына Я. Коласа Міхася Міцкевіча.

 

Верыч Ж.М., метадыст музея Я.Коласа