Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу пры вывучэнні беларускай мовы на павышаным узроўні

20.04.2018

18 красавіка 2018 г. на базе Сошненскай СШ адбылося пасяджэнне праблемнай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Тэма пасяджэння – “Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу пры вывучэнні беларускай мовы на павышаным узроўні”. Асноўная мэта, якую паставілі перад сабой настаўнікі праблемнай групы, – удасканаленне прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў па беларускай мове ва ўмовах профільнага навучання.

Настаўнік  беларускай мовы і літаратуры Сошненскай СШ  С.У.Касцюк прадэманстравала калегам урок беларускай мовы ў ХІ класе па тэме “Абагульненне і сістэматызацыя вывучанага па тэме “Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак”. Хочацца адзначыць, што ўрок меў сваю экалагічную тэму – “Трагедыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі”. Дыдактычны матэрыял, які быў выкарыстаны на ўроку, дапамог вучням абагульніць, сістэматызаваць і паглыбіць свае веды пра аварыю на ЧАЭС, гадавіна якой будзе адзначацца 26 красавіка.

Падчас пасяджэння былі разгледжаны разнастайныя пытанні па выкладанні беларускай мовы на павышаным узроўні. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Чухаўскай СШ М.М.Семянчук расказала аб рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу пры вывучэнні беларускай мовы на павышаным узроўні. На патрабаваннях да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” па завяршэнні навучання і выхавання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі” засяродзіла ўвагу настаўнік Парахонскай СШ Н.П.Парчук.

Настаўнікі не толькі падзяліліся вопытам сваёй працы ў профільных класах, разгледзелі асноўныя праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у працы, а таксама выпрацавалі метадычныя рэкамендацыі, якія дапамогуць зрабіць профільнае навучанне больш прадуктыўным.

 

Кравец Ю.А., настаўнік беларускай мовы і літаратуры 

ДУА “Пінкавіцкая сярэдняя школа імя Якуба Коласа” Пінскага раёна

Кахновіч С.К., метадыст ДВМУ “Пінскі раённы

вучэбна-метадычны кабінет”