Музейныя падрабязнасці з Пінкавіч
22.06.2018“Чаму падрабязнасці?”- спытаеце вы? А таму, што ў музеі амаль кожная дробязь уяўляе сабой каштоўнасць, і менавіта цікавыя,таямнічыя падрабязнасці падчас экскурсіі заварожваюць наведвальнікаў нашага сапраўды народнага музея. Нават улетку наш музей не перастае сустракаць экскурсантаў. А колькі сенсацыйных падзей …
Не так даўно экспазіцыю «Сялянскай хаткі» папоўнілі каштоўныя экспанаты. А было гэта так… У Вішавічах, па-суседству з нашай супрацоўніцай Гурынай Аленай, разбуралі старую хату. Паколькі ў нашым калектыве ўсе неабыякавата ставяцца да дзейнасці музея, Алена не змагла прайсці міма рарытэтаў, якія будаўнікі жбурлялі з гарышча разам з векавым хламам. Плецены з лазы чамадан, саламяныя чуні-буркі, шматфункцыянальны кошык… І, уявіце сабе, ўсё у адносна добрым стане.
Прыемна, што амаль штодня на тэрыторыі музея чуваць дзіцячыя галасы. Дзетвара з прышкольных лагераў з задавальненнем наведвае мерапрыемствы у музеі. Экскурсія па вёсцы “Коласавымі сцежкамі” запала ў душу нават мне самой. І вось чаму: напачатку экскурсіі ўзяў мяне за руку хлопчык з Высокаўскай сярэдняй школы Жуковін Кастусь. (Пагадзіцеся, цёзка песняра- носьбіт даволі рэдкага імя ў наш час.) І гэты надзвычай эрудыраваны экскурсант натхніў мяне на імправізаваную экскурсію. Як было не ўявіць маленькага Кастуся Міцкевіча з яго прагай да навукі, імкненнем з’яднацца з прыродай…
Каб часам не забыць сказаць яшчэ аб адным (як цяпер модна называюць) крэатыўным моманце экскурсіі: за музеем “схаваліся “формы малой архітэкуры, выкананыя у адным стылі з музеем. Гэта калодзеж Якуба Коласа з інфармацыйнай шыльдай на дзвюх мовах (беларускай і англійскай) і альтанка (русск.-беседка). Не паспеюць дзеці яшчэ усесціся за утульныя лаўкі у альтанцы, як ўжо заяўляюць: ” Мы адсюль нікуды не паедзем!” . Дарэчы, вясковую утульнасць нашага музея адзначаюць усе наведвальнікі.
Сапраўднай кульмінацыяй летняй музейнай кампаніі стала сустрэча з вядомым пінскім бардам Аляксеем Шаўчуком. Рэпертуар, прысвечаны Году малой радзімы, спадабаўся вучням Купяціцкай СШ, Пінкавіцкай СШ, СШ №12. У вестыбюлі музея панавала атмасфера любові, шчырасці, дабразычлівасці, якой так не хапае нам у штодзённым жыцці.
Вас закранулі нашы падрабязнасці? Дык у чым справа? Народны літаратурна-краязнаўчы музей рады вас заўжды вітаць.
Метадыст ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ” Пінскага раёна Жанна Верыч.