«Раман Скірмунт: жыццяпіс грамадзяніна краю»
04.02.2019Беларускі пісьменнік Рыгор Барадулін пісаў: «І датуль чалавек жывы, пакуль з ім душа размаўляе…». Іменна гэтыя словы можна сказаць пра нашага земляка, беларускага і польскага палітыка, грамадскага дзеяча Рамана Скірмунта. Радзімай Рамана Скімунта было Парэчча на беразе ракі Ясельда. Менавіта тут, у сямейным коле і ў атачэнні жыхароў палескай вёскі, ён сфарміраваўся як асоба. Ягоная сувязь з гэтай малой Радзімай выходзіла далёка па-за межы звычайных матэрыяльных патрэб. Парэчча для Скірмунта было тым родным домам, які дапамагаў перажыць выпрабаванні, мацаваў дух і даваў надзею.
Гісторыя «скірмунтаўскага Парэчча» пачалася задоўга да нараджэння будучага палітыка і грамадскага дзеяча. Калі прадзед Рамана Сымон Скірмунт выкупляў маёнтак Моладава на Піншчыне ў Агінскіх, то Парэчча з'яўлялася толькі фальваркам. Доўгі час менавіта Моладава было цэнтрам гаспадарчых ініцыятыў палескіх Скірмунтаў. Толькі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя гэты цэнтр перамясціўся ў Парэчча Пінскага павета.
Маленькае Парэчча стала галоўнай справай жыцця Рамана Скірмунта. Пра гэта ішла размова ў ДУА «Парэцкая базавая школа імя Яўгеніі Янішчыц» Пінскага раёна на прэзентацыі кнігі доктара гістарычных навук, прафесара Аляксандра Смалянчука «Раман Скірмунт (1868 – 1939 гг): жыццяпіс грамадзяніна краю». А.Смалянчук адзначыў, што работа па стварэнні жыццяпіса доўжылася каля дваццаці гадоў. І ў гэтым яму дапамаглі і мясцовыя жыхары, якія дзяліліся ўспамінамі аб знакамітым земляку. Аўтар пазнаёміў мясцовых жыхароў, школьнікаў, настаўнікаў, работнікаў Парэцкага ДК, Табульскай сельскай бібліятэкі, прадстаўнікоў улады з радаводам сям'і Скірмунтаў, асобай прадпрымальніка, для якога зыходным пунктам публічнай дзейнасці было замілаванне да роднага краю. Аўтар скіраваў увагу на тое, што ў кнізе ў раздзеле «Ліверпуль на Ясельдзе» расказваецца пра матыў дзейнасці дзеда і асабліва бацькі, дзе дамінавала не асабістае ўзбагачэнне, а імкненне да развіцця роднага краю, пераўтварэння Піншчыны, як часткі гістарычнай Літвы, у квітнеючы прамысловы цэнтр.
Прэзентацыя завяршылася сяброўскай гутаркай удзельнікаў мерапрыемства. У дар Парэцкай БШ аўтар прэзентаваў кнігу «Раман Скірмунт (1868 – 1939 гг): жыццяпіс грамадзяніна краю», якой будуць карыстацца вучні і настаўнікі.