“ВЫХАВАННЕ Ў МОЛАДЗІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ”
08.02.2019Фарміраванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту патрыятычных пачуццяў і нацыянальнай самасвядомасці пачынаецца з выхавання любові і павагі да сваёй малой радзімы, яе гісторыі, далучэння да этнакультурнай спадчыны беларускага народа. У гэтым навучальным годзе ў ДУА “Яслі-сад №4 Пінскага раёна” надаецца асаблівая ўвага далучэнню дзяцей да нацыянальных традыцый.
Гэтае далучэнне ажыццяўляецца, у тым ліку, і праз узаемадзеянне ўстановы дашкольнай адукацыі з установамі культуры. Наведванне экспазіцыі “Рамёствы і промыслы Палесся” ў Музеі Беларускага Палесся пазнаёміла нашых выхаванцаў з тым, чым займаліся нашы продкі ў старажытныя часы.
Музейныя работнікі правялі тэматычную экскурсію, на якой у даступнай для дзіцячага розуму форме, расказалі пра жыццё і быт пінскіх паляшукоў.
Нашы выхаванцы змаглі ўбачыць інтэр’ер сялянскай хаты з маленькай калыскай і вялізнай печкай, уважліва разглядзець адзенне жанчыны – гаспадыні сялянскай хаты, яе абутак, сарочку і цэлы куфар з пасагам. А таксама пазнаёміцца з гаспадаром і ўбачыць яго прылады працы.
Паведамленне пра гліняны посуд, ткацтва і вырабы з ільна захапіла малых. А колькі эмоцый выклікаў драўляны веласіпед і сапраўдны воз! Зацікавілі прылады рыбака, каваля, а таксама пчаляра і інш.
Гэта экскурсія, на наш погляд, спрыяе фарміраванню ў выхаванцаў пачуцця нацыянальнай прыналежнасці, павагі да Радзімы, далучэнню да этнакультурнай спадчыны.
Пінск і Палессе – мясціны з багатай гісторыяй, самабытнай культурай і вялікай духоўнай спадчынай. Вельмі важна, на наш погляд, прывіць кожнаму дзіцяці з самага маленства пачуццё Радзімы, навучыць з павагай ставіцца да сям’і, роду, народа, мовы, культуры, гісторыі.
Жадаем усім наведаць Музей Беларускага Палесся і дакрануцца да нашых традыцый!
Намеснік загадчыка па асноўнай
дзейнасці Аксана Пятроўна Атанава