Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова”

21.09.2022
19 верасня 2022 г. у Гарадзішчанскай СШ стартаваў Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова”. Тыдню папярэднічаў актыўны ўдзел вучняў 8-11 класаў школы ў рэспубліканскім дыктанце, прымеркаваным да Дня народнага адзінства.

 З мэтай выхавання цікавасці да беларускай мовы ў школьнай бібліятэцы арганізавана выстава вучэбнай літаратуры “Сэрцам роднага слова краніся”. Вучні школы з задавальненнем знаёмяцца з матэрыяламі выставы, стараюцца выкарыстоўваць матэрыялы ў вучэбнай дзейнасці.

 Вучні 5-11 класаў з вялікім жаданнем прынялі ўдзел у акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. Навучэнцы з цікавасцю перакладалі словы і выразы з рускай мовы на беларускую, з захапленнем удзельнічалі ў гульні “Закончы прыказку”. Асабліва вучням спадабалася перакладаць рэцэпты беларускіх страў з рускай мовы на беларускую. Дзеці з гонарам называлі 9 прычын размаўляць па-беларуску і пераканаліся ў тым, што ім у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, вялікі нацыянальны скарб.

 З мэтай фарміравання нацыянальнай свядомасці і развіцця моўнай культуры вучні 5-11 класаў прымалі ўдзел у стварэнні інтэрактыўнага воблака слоў “Маё любімае слова па-беларуску”. Навучэнцы пераканаліся, што беларуская мова вельмі прыгожая, мілагучная, што ў ёй хапае шмат розных слоў, каб выразіць пяшчоту і ласку, мужнасць і яднанне, Бацькаўшчыну і мір.

 З задавальненнем і добрым настроем дзве каманды вучняў 6-10 класаў прынялі ўдзел у квэст-гульні “Фальклор, фальклор – душа народа”. Удзельнікі гульні наведалі наступныя прыпынкі: “Літаратурны”, “Краязнаўчы”,  “Этнаграфічны”, “Лінгвістычны”, “Святы і абрады”, “Энцыклапедычны”. Гульня вельмі спадабалася вучням, бо яна не толькі развівала іх  пазнавальную цікавасць, але і выхоўвала культуру зносін. Удзельнікі гульні не толькі паглыбілі свае веды па беларускай мове, літаратуры, этнаграфіі, краязнаўству, у іх з’явілася імкненне да самаадукацыі і асобаснага росту.

 21 верасня быў праведзены конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю беларускую мову”. У сваіх работах вучні выказвалі павагу і любоў да роднага слова: прыгожага і непаўторнага, чысцюткага і мілагучнага, суровага і мужнага; разважалі аб тым, за што янылюбяць сваю мову. Закранулі самыя тонкія струны душы, знайшлі самыя  добрыя, шчырыя і пранікнёныя словы для выказвання сваёй любові да мовы наступныя вучні школы: Пронька Ганна (8 кл.), Вайтовіч Валерыя (8 кл.),   Панова  Алена (6 кл.).

 

                                               Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры 

                                     Гарадзішчанскай СШ Лінка К.А., Федарашка Г.В.

 

Фотогалерея: