Наша спадчына

16.11.2021
За многія стагоддзі свайго існавання беларускі народ стварыў багатую і самабытную культуру, якая была ўвасоблена ў духоўных традыцыях, звычаях і абрадах. Менавіта таму з мэтай патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання, адраджэння і зберажэння рэгіянальных традыцый на базе ДУА “Стытычаўская сярэдняя школа” Пінскага раёна функцыяніруе рэсурсны цэнтр “Выкарыстане рэгіянальных традыцый і абрадаў у пазаўрочнай дзейнасці”.

Рэсурсны цэнтр ажыццяўляе сваю дзейнасць ва ўзаемадзеянні з установамі адукацыі Пінскага раёна, з іншымі ўстановамі, дзейнасць якіх накіравана на захаванне рэгіянальных традыцый і абрадаў, якія маюць культурна-гістарычную каштоўнасць.

Промыслы і рамёствы займаюць важнае месца ў сістэме культуры і ў народнай жыццядзейнасці. Адным з накірункаў дзейнасці цэнтра з’яўляецца знаёмства навучэнцаў з рамёствамі рэгіёну. Так, на адным з пасяджэнняў рэсурснага цэнтра з удзелам метадыста ДВМУ “Пінскі раённы вучэбна-метадычны кабінет” С.К.Кахновіч з запрашэннем майстра народнай творчасці Смужэвіч Аксаны Васільеўны быў праведзены майстар-клас па саломапляценні для навучэнцаў і настаўнікаў.

У Беларусі пляценнем з саломкі займаліся здаўна. Вядзе яно сваю гісторыю ад старадаўніх абрадаў, якія звязаныя з культам хлеба і саломы. Нашы продкі верылі ў іх боскую сілу, таму што ўшаноўваўся апошні сноп, прыбраны з поля, які захоўваўся ў доме да новага ўраджаю. Саломай пакрывалі дахі хат. Яна ішла на падсціл і корм жывёлам, абувала і апранала чалавека, служыла пасцеллю, а ў неўраджайныя гады яе падмешвалі ў хлеб. З яе выраблялі галаўныя ўборы, цацкі і ўпрыгожванні. Традыцыі зберажэння і ўпрыгожвання першага “зажыначнага” і апошняга “дажыначнага” снапоў надзялялася вялікая ўвага.

Фігуры з саломкі – гэта не проста цацкі, гэта сімвалы-абаронцы. Такіх саламяных фігурак нідзе, акрамя Беларусі, не робяць. Адным з такіх сімвалаў з’яўляецца саламяны павук.

Ці чулі вы што-небудзь пра беларускага саламянага павука?

Да вырабу “павука” адбіралі найлепшую саломку з апошняга снапа, сабранага з поля. Нашы продкі верылі, што салома захоўвае ў сабе сілу прыроды і перадае яе гаспадарам дома. У павуціне заблытваецца ўсё негатыўнае, што магло б перашкодзіць шчаслівай плыні сямейнага жыцця. У канцы года старога павука спальвалі і плялі новага, каб у доме пастаянна панавалі мір і дабрабыт.

Традыцыі саломапляцення не страчаны сёння і не выклікаюць вялікіх цяжкасцей, што можна было назіраць падчас правядзення майстар-класа. І дзеці, і педагогі, якія да гэтага часу ніколі не займаліся гэтай справай, хутка зразумелі сакрэты пляцення саламянага павука. Аксана Васільеўна падрабязна і даступна прадэманстравала алгарытм пляцення павука.

Майстар народнай творчасці адзначыла: “Просты ў выкананні залацісты павук патрабуе шмат часу. Каб атрымаць гатовага і прыгожага павука патрабуецца ад аднаго да трох месяцаў”.

Аднак, дзякуючы зацікаўленасці работай, удзельнікам майстар-класа ўдалося сабраць хоць і невялікага, але вельмі прыгожага “павучка”.

Беларусь – краіна з багатай культурна-гістарычнай спадчынай. Наша задача захаваць і зберагчы яе.

 

                                                       А.А.Куцэвіч, кіраўнік рэсурснага цэнтра

                                                       С.К.Кахновіч, метадыст РВМК