У госці

30.09.2021
24 верасня а 12-ай гадзіне гарадская дзіцячая бібліятэка Якуба Коласа вітала удзельнікаў міжрэгіянальнай канферэнцыі “Коласаўскія адрасы Радзімы: памятныя мясціны, музеі, помнікі”. Сярод запрошаных быў і наш Народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа.

24 верасня а 12-ай гадзіне  гарадская дзіцячая бібліятэка Якуба Коласа вітала  удзельнікаў міжрэгіянальнай канферэнцыі “Коласаўскія адрасы Радзімы: памятныя мясціны, музеі, помнікі”. Сярод запрошаных быў і наш Народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа.

Праграма канферэнцыі была пазнавальнай і цікавай. Выступленні гасцей, удала  разбаўленыя музычнымі  нумарамі пінскага барда Віктара Мяцельскага, яшчэ раз даказалі глыбіню  і народнасць коласаўскай тэматыкі.

Супрацоўнікі  Дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа выступілі з цікавай прэзентацыяй выставы “Наперадзе многа дарог і шмат далячынь”. Выстава, дарэчы, цэлы месяц будзе знаходзіцца ў дзіцячай бібліятэцы.

 Усіх прысутных  уразіў   мультымедыйны праект 3D- рэканструкцыі даваеннага дома Я.Коласа ў Мінску. Некалькі хвілін  удзельнікі канферэнцыі вандравалі па ваколіцах даваеннай сталіцы. Губернатарскі сад, ландшафт, рэльеф, знакавыя каменныя пабудовы, дом класіка на Вайсковым завулку 3 – стваралі дакладную, непаўторную атмасферу таго часу.

Краязнаўчыя “раскопкі” Вячаслава  Ільенкова  заслугоўваюць асаблівай увагі. Мясцовы “археолаг” лёсаў нашчадкаў гаспадароў дома па вуліцы Івана Чуклая ў Пінску,  дзе кватэраваў  Якуб  Колас у 1912-1915 гадах,  падзяліўся з прысутнымі цікавымі  знаходкамі.

Пасля наведвання пінскай кватэры пісьменніка ўдзельнікі канферэнцыі накіраваліся ў Пінкавічы, дзе ён  з верасня1904г.  па  студзень 1906 г. працаваў і жыў пры школе (Пінкавіцкім народным вучылішчы). Шчырае прывітанне  юных экскурсаводаў з аб’яднання  “ГіД” расчуліла нашых гасцей. Яны  з задавальненнем прайшліся  пінкавіцкімі шляхамі  Якуба Коласа і далі высокую адзнаку   дзейнасці нашага Народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа. Госці з Мінска пакінулі на памяць нашаму музею сувенірную прадукцыю.

Але ж  гасцей чакалі і ў Лунінцы, дзе Колас даваў прыватныя ўрокі, якімі з ім падзяліўся яго сябар па  нясвіжскай семінарыі Вікенцій Філіповіч. Аккурат 110 гадоў мінула з таго часу.

Коласу ж настолькі  палюбілася Палессе, што прайшоўся яго шляхамі разам са сваім прататыпам Андрэем Лабановічам у аўтабіяграфічнай трылогіі  “На ростанях”.

Хочацца падзякаваць дырэктара ДУК “Пінская гарадская цэнтралізованная бібліятэчная сістэма”  Дзіну Анатольеўну Лагодзіч і  загадчыцу гарадской дзіцячай бібліятэкі імя  Якуба Коласа  Ірыну Уладзіміраўну Вакуліч за  змястоўную і каштоўную канферэнцыю. Спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва.

P.S.

З 26 кастрычніка  па 26 лістапада выстава з Дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа будзе экспанавацца ў нашым музеі.  Чакаем!