МОВА РОДНАЯ – МОВА МОДНАЯ!

22.02.2021
Тыдні беларускай мовы і літаратуры ў Купяціцкай сярэдняй школе Пінскага раёна заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты, які прайшоў з 15 лютага па 21 лютага 2021 года.

Агульны цёплы, душэўны настрой надаў усяму Тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. Навучэнцы педагагічнага класа пад кіраўніцтвам Вячорка Н.М. правялі радыёперадачу “Мова родная – мова модная!” да адкрыцця Тыдня беларускай мовы і літаратуры, пазнаёміўшы ўсіх з планам Тыдня і зацікавіўшы да ўдзелу ў мерапрыемствах. У гэты ж дзень навучэнцы 10 класа прагледзелі і абмеркавалі відэафільм па аднайменным творы Івана Шамякіна “Вазьму твой боль”.

З самай раніцы і на працягу ўсяго Тыдня нельга было прайсці міма фотазоны “Я люблю беларускую мову” і выставы “Пісьменнікам-юбілярам прысвячаецца…

Дэвізам другога дня стаў слоган “Роднаму слову – прызнанне ў каханні”. Аказалася, што не так проста адкрываецца скарбонка беларускіх слоў, якія вучні 3-4 класаў перакладалі словы з рускай мовы на беларускую. А каб адчуць менавіта смак беларускай мовы, за правільна перакладзенае слова дзеці атрымлівалі беларускую цукерку.

А навучэнцы 11 класа пад кіраўніцтвам Еўтуховіч В.М. удзельнічалі ў конкурснай праграме “У роднай мовы роднае карэнне”.

У ходзе праграмы вучні разгадалі назвы сваіх каманд, складалі дэвіз роднай мовы, адгадвалі мелодыі, пазнавалі герояў з вывучаных твораў, пераадольвалі лінгвістычны спрынт, працавалі перакладчыкамі і карэктарамі, падымаліся па лесвіцы беларускіх слоў на “дз”, адказвалі на пытанні інтэрактыўнай гульні.

У гэты ж дзень стартавала акцыя “Незвычайнае беларускае слова”, у якой вучні школы складалі з прапанаваных літар цікавыя беларускія словы. Шчаслівыя і зацікаўленыя вочы дзяцей  сведчанне іх неабыякавасці і недарэмнасці нашай настаўніцкай працы, нашага агню.

Трэці дзень “Мова родная – мова модная” дадаў новых фарбаў тыдню. Акцыя “Маё любімае беларускае слова: далучы сваю далонь” апаказала шчырасць і неабыякавасць па лёсу мовы і Радзімы нашых падлеткаў. Маці, радасць, Радзіма, хата, натаўнік… - словы, якія пісалі вучні на рознакаляровых паперках. У гэты дзень вучні 9 класа таксама сябравалі з роднай мовай, удзельнічаючы ў літаратурна-пазнавальнай гульні “Сябруй з роднай мовай”. Каманды “Васілёк” і “Каласок” спаборнічалі, выконваючы разнастайныя заданні: скорагаворкі, моўныя задачкі, крыжаванку, антонімы, чароўныя квадраты. Выступалі ў ролі наборшчыкаў і перакладчыкаў.

З радыёперадачы - работа лектарскай групы “Міжнародны дзень роднай мовы” пачаўся дзень чацвёрты, дэвізам якога былі радкі “Адзіны дзень беларускага маўлення”. Дзень быў насычаны мерапрыемствамі. Па-першае, усю школу аб’яднала акцыя

“Фізкультхвілінка па-беларуску”, якую правёў Старкоў Аляксандр, вучань 11 класа. Усе вучні школы далучыліся да адзінай класнай фізкультхвілінкі ў форме флэшмоба.

Таксама вучні 3-11 класаў прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Буслік - 2021”. Да вучняў ГПД Назарава Ангеліна і Амяльковіч Аляксей, вучні педкласа, прыйшлі з цікавай літарай беларускага алфавіта “Ў”, расказалі пра гісторыю апострафа, а потым пачаткоўцы шукалі гэтыя літары ў беларускіх словах.

А вучні 8 класа ў гэты дзень ракрывалі “Сакрэты беларускай мовы”. Навучэнцы падарожнічалі па ўсіх абласцях нашай краіны, дзе іх чакалі сакрэты: апостраф, галосныя о, э, а; мяккі знак. А таксама за рознымі беларускімі словамі хаваліся пытанні па мове і літаратуры, на якія вучні актыўна адказвалі.

Пяты дзень Тыдня прайшоў пад дэвізам “Беларуская - самая мая!”. У рамках яго прайшлі адкрытыя ўрокі: фальклорная мазаіка “Уладзімір Бутрамееў “Рагнеда” ў 6 класе і свята роднай мовы па тэме “Змітрок Бядуля “На Каляды к сыну” ў 7 класе. Вучні падрыхтавалі цікавыя паведамленні пра Рагнеду, шукалі пачатак і канцоўкі прыказак па тэме ўрока, малявалі слоўныя і мастацкія партрэты князёўны. А вучні 7 класа падымаліся па няпростых лесвіцах беларускай літаратуры, інсцэніравалі ўрыўкі з твора “На Каляды к сыну”: старая Тэкля ў доме сына; старая Тэкля на лавачцы. Сапраўдныя мастакі і акцёры нашы дзеці!

Таксама ў пятніцу завяршылася акцыя “Пажаданні беларускай мове: далучы сваю далонь”. Радасці, міра, дабра, шчасця жадалі вучні школы нашай мове, пішучы пажаданні на рознакаляровых далоньках. Вучням педагагічнага класа было арганізавана пазакласнае мерапрыемства – інтэрактыўная гульня “Знаўцы беларускай мовы” для вучняў 5 класа.  Дзецi пазнаёмiлiся з народнымi беларускiмi гульнямi, разгадвалi загадкi, тлумачылi прыказкi, выбiралі сваё любiмае беларускае слова. Мерапрыемства садзейнiчала развiццю мыслення, пазнавальнага інтарэсу, узбагачэнню слоўнікавага запасу вучняў, выхаванню павагi да Беларусі i беларускай мовы. Гульня  праходзіла ў некалькі этапаў. Спачатку вучням патрэбна было ўзгадаць назвы прадметаў па-беларуску. Дзеці не толькі ўзнавілі, але і сістэматызавалі раней набытыя веды па лексіцы і фразеалогіі, пашырылі свой слоўнікавы запас. Яны з вялікім задавальненнем гулялі ў перакладчыкаў, адгадвалі загадкі, чыталі вершы на роднай мове, а таксама пашырылі свае веды ў пазнанні прыказак і прымавак. Добразычлівая атмасфера, цікавыя заданні, наглядныя матэрыялы спрыялі прадуктыўнай працы вучняў. Пераможцы гульні – каманда “Беларусы”. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы і салодкія падарункі.

Шосты дзень прайшоў  пад дэвізам “Збяры Беларусь у сваім сэрцы!” і завяршыўся бібліятэчным урокам “Мова – жывая памяць народа, яго душа, яго каштоўнасць”. 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Цяпер у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія - мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якую ён лічыць роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з сябрамі, знаёмымі, сваякамі. Менавіта яна для яго найпрыгажэйшая, наймілагучнейшая. Менавіта яна ззяе шматлікімі фарбамі, здзіўляе шматгалоссем.

Гэтай тэме быў прысвечаны бібліятэчны ўрок для вучняў 11 класа. Навучэнцы чыталі цудоўныя паэтычныя радкі пра беларускую мову; перакладалі выслоўі пра родную мову; слухалі беларускія народныя песні; складалі прыказкі; прадстаўлялі буклеты, прысвечаныя пісьменнікам-юбілярам Івану Мележу і Івану Шамякіну. Урок прайшоў  займальна, цікава і пазнавальна.    

Родная мова, цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова!

Матчын дарунак ад самай калыскі, −

Ты самацветаў яскравая нізка.

Падводзячы вынікі Тыдня, яшчэ раз упэўніваешся, што мы – беларусы – самабытны, таленавіты народ.

 

 

Еўтуховіч В.М. і Вячорка Н.М.,

настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Купяціцкай СШ

Фотогалерея: