Міжнародны дзень роднай мовы

22.02.2021
21 лютага ва ўсім свеце штогод адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У 2021 годзе, Годзе народнага адзінства, святкаванне гэтага дня набывае асаблівае значэнне, таму што родная мова – гэта адлюстраванне культуры і традыцый, наша спадчына, тое, што ідзе праз усё жыццё кожнага з нас і нас аб’ядноўвае.

Любоў і павага да роднай мовы выхоўваецца з ранняга дзяцінства. Для беларусаў родная мова пачынаецца з калыханкі, казкі, песні, першыя настаўнікі – гэта бацькі. На жаль, нашыя дзеці часцей чуюць дома маўленне не на роднай беларускай мове, а на рускай, таму вялікае значэнне мае той факт, што дзеці ў нашым дзіцячым садочку чуюць беларускую мову, размаўляюць на ёй, і, у нейкай меры, нават вучаць сваіх бацькоў.

Увесь адукацыйны працэс у Стытычаўскім яслях-садзе праходзіць на беларускай мове, таму і здавалася на першы погляд, што мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, не надта выдзяляюцца са звычайнага ходу жыцця дзіцячага сада. Калькова Таццяна Мікалаеўна, выхавацель дашкольнай адукацыі, са дзецьмі старшэйшага ўзросту правяла гульню-падарожжа “Моўныя эксперты”, падчас якой выхаванцы адгадвалі загадкі (станцыя “Загадкі”), назвы беларускіх гарадоў (станцыя “Разгадай рэбус”), перакладвалі з рускай на беларускую мову (станцыя “Перакладчыкі”) і г.д. Паўловіч Ірына Русланаўна, выхавацель дашкольнай адукацыі, з дзецьмі сярэдняга ўзросту правяла віктарыну “Падарожжа ў краіну роднай мовы”, а з зусім маленькімі выхаванцамі Несцюковіч Людміла Міхайлаўна, выхавацель дашкольнай установы, чытала беларускія народныя казкі, пацешкі і вершы. І на працягу ўсяго дня гучалі творы нашых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў Я. Купалы і Я.Коласа, Э.Агняцвет і Р.Барадуліна, С.Грахоўскага і С.Шушкевіча.

А бацькі нашых выхаванцаў атрымалі заданне дома прадоўжыць святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы: пачытаць з дзецьмі казкі на беларускай мове, вывучыць верш і паспрабаваць паразмаўляць хоць вечар толькі на беларускай мове.

Мова з’яўляецца найвялікшай каштоўнасцю народа, таму мы павінны ганарыцца тым, што дзевяць мільёнаў беларусаў маюць сваю мову. І кожны з нас нясе адказнасць за тое, каб яна гучала, жыла.

 

А.І.Чолач, загадчык ДУА “Стытычаўскі яслі-сад Пінскага раёна”