Не пусцім мову на звод, бо мы – беларускі народ

22.02.2021
Кажуць, мова мая аджывае Век свой ціхі: ёй знікнуць пара. Для мяне ж яна вечна жывая, Як раса, як сляза, як зара. П.Панчанка

Штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Міжнародны дзень роднай мовы, заснаваны ў 1999 годзе рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА. І гэта не выпадкова. Кожны народ-гэта непаўторная культура, гісторыя, традыцыі, лад жыцця і, вядома ж, мова. Зберагчы моўную базу і вялікага народа, і самай малаколькаснай народнасці - вельмі важная задача.

Без мовы не існаваў бы свет. Як рыба не можа жыць без вады, так чалавек не можа існаваць без мовы. На мове мы думаем, стасуемся, творым. У розных краінах свету людзі сёння размаўляюць на 6000 мовах.

У ДУА «Парахонскі яслі-сад Пінскага раёна» прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. У групах былі аформлены выставы, стэнды, куткі для бацькоў. Дзеці разам з выхавальнікамі чыталі і пераказвалі апавяданні і вершы беларускіх пісьменнікаў. У старшай группе арганізавана гульня-падарожжа па Беларусі «Юны вандроўнік». Дзеці пашырылі свае веды пра родны край, больш даведаліся пра гісторыю свайго народа, малявалі сімвалы краіны, прыроды.

А як весела гулялі дзеці ў беларускія народныя гульні «Грушка», «Міхасік», «Гарлачык», «Заінька», «Лыска», якія цесна звязаны з навакольным асяроддзем, бытам, і працоўнай дзейнасцю людзей, раскрываюць характар, звычкі і традыцыі беларусаў.

У кожнай групе выхаванцы гулялі не толькі ў вядомыя ім гульні, але і развучылі новыя «Ходзіць ліска ля ваконца», «Каршун». Дзеці падзяліліся сваімі ўражаннямі, што вучаць тату і маму гуляць у такія гульні дома.

У другой палове дня выхавальнік Махнавец Н.С. правяла ў сярэдняй групе забаву «Не пусцім мову на звод, бо мы – беларускі народ», якая была накіравана на тое, каб паказаць дзецям прыгажосць і багацце моўнай спадчыны беларускага народу праз розныя віды дзіцячага фальклору: вершаванага (вершы, заклічкі), празаічнага (прыказкі, прымаўкі), гульнявога (гульня «Пярсцёнак») музычнага (песня «Цік-так ходзікі» аўтар вершаў – Леанід Пранчак, музыкі – Эдуард Ханок; танец “Бульба”). Таксама, дзеці з цікаўнасцю слухалі пра беларускіх пісьменнікаў Я.Купалу, Я.Коласа, М.Танка, І.Муравейка, называлі, якія творы іх ведаюць («Лістапад», «На рэчцы зімой», «Галінка і верабей», «Адмарозіў лапкі», «Шалтай-Балтай»).  

Выхаванцы зразумелі, што беларуская мова – гэта важная частка нашага жыцця, нашай краіны, нашай гісторыі. І толькі той, хто ведае сваю родную мову можа называцца сапраўдным беларусам. А самае галоўнае, што беларуская мова гучыць не толькі на занятках, але і ў штодзённым жыцці. Каб гучала родная мова патрэбна на ёй размаўляць – і дарослым, і дзецям.

“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова”. Змітрок Бядуля

 

Мосейчук Л.А., заместитель заведующего

по основной деятельности

ГУО «Парохонский ясли-сад Пинского района»”

Фотогалерея: