Знакавыя падзеі ў Народным музеі.

13.11.2020
Ціхім восеньскім днём, 11 лістапада, на падворку народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа было па-асабліваму прыгожа і святочна.

Пазалота лістоты   гарманічна спалучалася з нацыянальным адзеннем удзельніц  народнага аўтэнтычнага фальклорнага калектыва Пінкавіцкага сельскага Дома культуры “Крыніцы” і навучэнцаў аб’яднання юных экскурсаводаў “ГіД”, якія сустракалі гасцей на святкаванні, прысвечаным  30-годдзю музея.

“4-ы дзясятак – усяго пачатак” - пад такой назвай прайшло мерапрыемства.

Важным момантам свята стала ўсталяванне QR-кода на будынку музея. Ганаровае права прымацаваць інфармацыйны знак было прадастаўлена начальніку  аддзела ідэялогіі і па справах моладзі  Юрыю Бушыку і намесніку начальніка аддзела па адукацыі Людміле Двараніновіч. Аб гэтай падзеі трапна сказалі “гідаўцы” ў сваіх вершаванках:

А каб у ногу ісці з народам,

Патрэбен знак нам з QR-кодам.

Каб тэлефон у рукі ўзяць

І інфармацыю зчытаць.

А ў раёне…

7 аб’ектаў з такім вось абазначэннем.

8-ым будзе музей наш,

На ім – завяршэнне!

Гэта была першая дзея нашага свята. Затым гасцей запрасілі ў музей, у вестыбюлі якога сваёй віртуознай ігрой сустрэў іх народны  інструментальны ансамбль выкладчыкаў Пінкавіцкай дзяржаўнай школы мастацтваў “Мяцеліца”. А  песня “Мой родны кут”,  на словы Якуба Коласа,  кранула затаемныя куточкі сэрца бадай кожнага з прысутных.

Пад музычнае суправаджэнне госці накіраваліся да выставы святочных паштовак, якая падагульніла раённую акцыю “Віншаванка-вышыванка”. І…не змаглі адарваць ад яе вачэй. Ненаіграная цеплыня і любоў да нашага музея і творчасці славутага пясняра  адчувалася ў кожнай працы. Кожная работа выканана ўнікальна! Удзел у акцыі прынялі амаль ўсе установы адукацыі нашага раёна. Вялікая падзяка ўсім. (Падчас друкавання артыкула ў мяне нарадзілася ідэя: прапанаваць гэтую выставу Музею Беларускага Палесся і Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа.)

Натхнёныя пачутым і ўбачаным госці з задавальненнем прайшліся па музею.

А напрыканцы свята ўсіх жадаючых чакала паседжанне ў “Літаратурнай гасцёўні”.  Гасцямі былі першыя збіральнікі музейных прадментаў, былыя юныя экскурсаводы і супрацоўнікі музея,  прадстаўнікі мясцовай ўлады і  прадпрыемстваў, кіраўнікі устаноў адукацыі нашай мясцовасці,  члены клуба літаратараў “Пінчукі”, мясцовыя жыхары.

Добрым словам успаміналі стваральніка музея І.І.Калошу, які, дарэчы, яшчэ ў 1962 годзе паклаў аснову музею. Вучні і калегі гэтага, апантанага справай настаўніка, адзначалі, што не адзін педагог, напэўна, не ўзгадаваў столькі сваіх паслядоўнікаў, столькі ўлюбёных у роднае слова і музейную справу асоб. А вынік яго неабыякавсці да працы, да  нашай мясцовасці – кніга “Пінкавічы. Вішавічы. Мінулае і сучаснае”,  якая не паспела выйсці ў свет, як ўжо стала настольнай кнігай землякоў.

Разбаўлялі цёплыя ўспаміны музычныя нумары ў выкананні мясцовых паэтаў-бардаў Віктара Мяцельскага і Анатоля Козіча.

І яшчэ, Валянціна Бегеба,  дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнанага сходу Рэспублікі Беларусь даслала  нам свае віншаванні і пажаданні.

 Так  музейны летапіс  папоўніўся яшчэ адной цікавай на падзеі старонкай.

                                                                Метадыст ЦТДзіМ Жанна Верыч

Фотогалерея: