Я гэты край Радзімаю заву

28.09.2020
Родны край… Прамаўляем гэтыя словы з любоўю, з гонарам, з душэўнай пяшчотай. Бо гэта наша гісторыя, нашы карані, наша мілая сэрцу родная мова. Самабытны і маляўнічы, край з багатай спадчынай, ён заўсёды чакае нас, каб сагрэць сваім цёплом.

Павага да сваіх каранёў, спадчыны сабрала вучняў і настаўнікаў Бабрыкоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна 26 кастрычніка на конкурсе “Я гэты край Радзімаю заву”, які праводзіўся ў рамках фестывалю “Вясёлкавы калейдаскоп”. Конкурс праходзіў па наступных намінацыях: “Нататкі юнага вандроўніка”, “Гісторыя адной вандроўкі”, “Замалёўка вандроўцы”; “Скарбы маёй сям’і”, “Ад прадзедаў спакон вякоў…”, “Гісторыя з сямейнага альбома”; “Духоўныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці музея”, “Повязь часоў”, “Крыніцы духоўнасці”. Правядзенню конкурса папярэднічала вялікая работа па збору матэрыялаў як саміх вучняў, так і класных кіраўнікоў, таму мерапрыемства садзейнічала адначасова як пашырэнню ведаў аб культуры, традыцыях свайго народа, так і згуртаванню вучняў і настаўнікаў.

Удзел у конкурсе прымалі вучні 1—11класаў, якія  прэзентавалі свае творчыя работы.

Падчас мерапрыемства быў адзначаны галоўны скарб краю — людзi! Яны ўслаўляюць сваю зямлю, нясуць у свет добрае iмя беларусаў. Пра людзей мы мяркуем па справах, якія яны здзейснілі, па спадчыне, якую яны пакінулі сваім нашчадкам. Адзін з нашых знакамітых землякоў Канстанцін Андрэевіч Хоміч. Архіепіскап Канстанцін — беларускі праваслаўны дзеяч, архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі (1990—2000). Аб ім распавядалі вучні 8 класа, прадставіўшы работу ў намінацыі “Крыніцы духоўнасці”.  Акрамя гэтага яны  падрыхтавалі прэзінацыю пра наведванне кафедральнага Свята-Сімеонаўскага сабору ў Брэсце, падарылі школьнаму музейнаму пакою кнігу «Жизнь в молитве и любви» (выйшла ў 2011 годзе ў Санкт-Пецярбургу).  У гэтай жа намінацыі ўдала праставілі работы вучні 7, 10, 11  класаў.

Сюрпрызам стала прадстаўленне вучнямі VI класа традыцыйных сямейных страў. Першакласнікі прэзентавалі альбом фотаздымкаў з сямейных архіваў.

Непаўторна і цікава прадставілі сваю конкурсную работу ў намінацыі   “Гісторыя адной вандроўкі” вучні  IX  класа ў выглядзе нататкі экскурсіі ў Мала-Плотніцкае лясніцтва.

Скончыўся конкурс, але любоў да роднай старонкі і духоўнай спадчыны застанецца надоўга ў сэрцах удзельнікаў. Такое багацце нельга згубіць, яго трэба клапатліва берагчы і імкнуцца перадаць будучым пакаленням крыніцу жыцця і натхнення – нашу спадчыну. Мы ганарымся нашай малой радзімай, любім яе і спадзяёмся, што у сэрцах назаўсёды захаваецца гордасць,  павага  і любоў да нашай  гасціннай зямлі.

 

Г.К. Завадская, педагог – арганізатар

Бабрыкоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна

 

Фотогалерея: