Вынікі Брэсцкага абласнога літаратурнага конкурсу “Адкрыццё”

19.05.2020
Творчасць маладых прыцягвае чытацкую ўвагу своеасаблівым, абвостраным адчуваннем жыцця. Спасцігаючы лёсы знакамітых беларусаў, родных і блізкіх з усімі ўзлётамі і падзеннямі, захапленнямі і расчараваннямі, перагортваючы старонкі гістарычнага мінулага, юныя творцы ясна разумеюць важнасць правільна абраных шляхоў.

Абласны літаратурны конкурс “Адкрыццё” з аднаго боку цудоўны шанц для моладзі раскрыць свой творчы патэнцыял, шчыра падзяліцца сваімі думкамі, развагамі, а з другога боку крыніца здзіўлення і радасці для  пісьменнікаў, журналістаў, бо колькасць маладых людзей, у душах якіх нараджаюцца творчыя памкненні, светлыя незвычайна глыбокія думкі, уражвае.

У творчым спаборніцтве літаратурнага конкурсу “Адкрыццё” прынялі актыўны ўдзел вучні 10-11 класаў раёна,  якія знайшлі  дзівосныя і светлыя вобразы, шчыра прызнаваліся ў любові да роднай старонкі, да прыгажосці беларускага краю,  выказвалі хваляванне за лёс сваёй малой радзімы.

Арыгінальных таленавітых прац,  прадстаўленых на конкурс, сапраўды было вельмі шмат, дасланых твораў больш за сямсот.

У разнастайнасці тэм сёння асабліва кранальна гучаць вершы, прысвечаныя 75-годдзю Вялікай Перамогі. Дыпломам “За эмацыянальную напоўненасць верша на тэму Вялікай Айчынай вайны” адзначаны твор “Вайна” Селюжыцкага  Максіма,  вучня  ДУА “Пагост-Загародская сярэдняя школа” Пінскага раёна (кіраўнік Рэбкавец Святлана Флораўна).

У намінацыі “Беларусь – мая маці і мова, паветра і хлеб”  дыпломамі “За яркае раскрыццё тэмы малой радзімы ў паэтычным творы” ўзнагароджаны  Гайдук Ганна, вучаніца ДУА “Табульская сярэдняя школа” Пінскага раёна (кіраўнік Дарафейчык Людміла Мікалаеўна) і Каллаур Юлія, вучаніца ДУА “Стытычаўская сярэдняя школа” Пінскага раена (кіраўнік Кліменка Марыя Мікалаеўна).

Віншуем дыпламантаў і спадзяемся, што першыя творчыя поспехі натхняць прызёраў конкурсу на далейшую плённую працу, дапамогуць паверыць у свае сілы і прымножаць асабістыя адкрыцці.

 

Метадыст РВМК

С.К.Кахновіч