Непаўторны верасень музейнага летапісу

19.10.2019
Частка 1 Чаму непаўторны? А хіба ж нешта паўтараецца ў нашым жыцці! Так і кожная экскурсія ў народным літаратурна-краязнаўчым музеі Якуба Коласа не паўтарае папярэднюю. Аб гэтым з упэўненасцю могуць сцвярджаць усе, хто неаднаразова наведваў нашу культурную установу. Упрыватнасці, вучні Пінкавіцкай сярэдняй школы.

Прызнацца, запрашэнне наведаць музей у пачатку навучальнага года выклікала абурэнне і незадаволеннасць  як у вучняў, так і ў настаўнікаў.

Дык мы ж ужо былі, - адказвалі ў адзін голас. Часта бывае так, што настрой, з якім прыходзяць наведвальнікі ў музей, і настрой, з якім пакідаюць яго  не супадаюць. Аказваецца, аб адным і тым жа экспанаце можна кожны раз пачуць нешта новае і цікавае. Аказваецца, “гісторыя аднаго экспаната” можа заняць усю экскурсію. Аказваецца, фотаздымкі ў адзенні з куфара нібыта з глянцавага часопіса!  Аказваецца, цікавае побач!

А дзеці, як вядома, гэта лепшыя індыкатары і “дэгустатары”  убачанага. І таму лепшай адзнакай праведзенай экскурсіі былі для мяне іх рэплікі  пры  сустрэчы:

  • А мне, дарэчы, спадабалася ў вас у музеі!
  • А калі яшчэ можна да вас прыйсці?
  • А я памятаю, як звалі Коласа і што такое “альтанка”.

Практыка паказвае, што лепшая рэклама музея – гэта паспяхова праведзеная экскурсія.  І таму  прыходзіцца  мне быць і сцэнарыстам, і рэжысёрам-пастаноўшчыкам, і касцюмерам, і артыстам адначасова. Інакш, ніхто табе не паставіць “лайкі” і не пакіне свае каментарыіі.

Частка 2

Патрэбна сказаць, што ў дзяцей і ў дарослых выклікаюць цікавасць экскурсіі, якія праводзяць мае памочнікі з аб’яднання юных экскурсаводаў “ГіД”. Не сакрэт, што і самі яны атрымліваюць ад гэтага асалоду-задавальненне. 

І каб дасканаліць сваё прафесійнае майстэрства, пераймаць вопыт, мы з задавальненнем наведваем іншыя музеі. У прыватнасці, у мінулую суботу, адпрацаваўшы па поўнай праграме (правялі 4 квэст-экскурсіі), мы яшчэ наведалі літаратурны музей  Яўгеніі Янішчыц у Парэччы і Цэнтр традыцыйнай культуры і быта у Мерчыцах “Спадчына Палесся”. 

Патрэбна сказаць, что нашаму падарожжу спрыяла  нават выдатнае восеньскае надвор’е. Дзеці з задавальненнем слухалі цікавы аповед А.П. Сідарук аб жыцці вядомай паэткі і нават задавалі пытанні.(У час інтэрнэт –разбэшчання гэта заслугоўвае ўвагі.) І як самых дарагіх і доўгачаканых гасцей сустрэлі нас у Мерчыцах. Колькі ж там старадаўніх прадметаў сялянскага побыту!  А колькі цікавых момантаў, інтэрактыва было прапанавана дзецям: яны і ткалі, і гулялі, і бліны з чаем смакавалі…

А з музейнага надворка-парка, дзе яны стваралі свае  сэлфі-гісторыі, іх наогул нельга было загнаць у маршрутку.

Частка 3

Музей, як мы любім гаварыць,  – гэта хата экспаната. Таму адна з галоўных задач нашага музея – папаўненне яго фондаў. Мы ўжо не аднойчы падрабязна апісвалі гісторыі з нашага “палявання за экспанатамі”. Людзі, якія перадаюць нам  “прадметы даўніны глыбокай”, неабыякава ставяцца на нашага музея.

Да ліку такіх асоб можна аднесці і Гарбачэўскага Паўла. Збіраць рэдкія, старадаўнія прадметы – яго хобі. Але ж ён з задавальненнем падзяліўся з нашым музеем сваёй калекцыяй плеценага посуду і цяслярных інструментаў.

 

PS. А можа і ў Вас, паважаныя чытачы, ёсць нешта цікавае для нашага музея? Знайсці нас можна па адрасу: в.Пінкавічы, вул.Школьная 18. Тэлефоны для даведак: 68 06 93, велком (44) 453 87 11.

Фотогалерея: