ПРАВІЛЬНЫ ВЫБАР

17.05.2019
Правільны выбар прафесіі — адзін са складнікаў чалавечага шчасця, бо дазваляе рэалізаваць сябе ў жыцці. Юлія Юр’еўна Кахновіч з дзяцінства ўяўляла сябе толькі настаўніцай, якая цікава і даходліва выкладае матэрыял, выхоўвае ў вучняў важныя маральныя якасці.

— Заўсёды хацелася даведацца, адкуль у педагогаў бярэцца шчырая любоў да дзяцей і адданасць сваёй справе, — гаворыць Юлія Юр’еўна. — У 9 класе канчаткова зразумела, што не хачу сыходзіць са школы. Паступіла ў Пінскі каледж БрДУ імя А.С.Пушкіна, які скончыла ў 2016 годзе. Атрымала спецыяльнасць настаўніцы пачатковых класаў са спецыялізацыяй “фізічнае выхаванне”. Дзіцячая мара спраўдзілася.

Прафесійны шлях дзяўчыны пачаўся ў Пінкавіцкай сярэдняй школе імя Якуба Коласа Пінскага раёна. З боку дружнага калектыву аднадумцаў малады педагог адчувае пастаянную падтрымку. Гледзячы на поспехі калег, імкнецца да высокіх вынікаў і самаўдасканалення. Сёння працягвае спасцігаць прафесійныя таямніцы на псіхолага-педагагічным факультэце БрДУ імя А.С.Пушкіна.

— Быць настаўніцай — гэта майстэрства і вялікая адказ­насць за тых, каго табе даверылі, — лічыць Ю.Ю.Кахновіч. — Каб адчуваць гэта, трэба добра разумець мэты адукацыйнага працэсу. Штодзень вырашаю безліч пытанняў: як зацікавіць дзяцей вучобай, як даступна растлумачыць новы матэрыял, як стварыць сітуацыю поспеху для кожнага школьніка, каб ён паверыў ва ўласныя сілы? Пры фарміраванні вучэбных інтарэсаў у дзяцей прытрымліваюся прынцыпу “чым меншы ўзрост, тым больш наглядным павінна быць навучанне і тым большую ролю ў ім павінна адыгрываць актыўная дзейнасць”. Рэалізаваць гэты прынцып дапамагаюць сучасныя тэхналогіі (праблемнага навучання і інфармацыйна-камунікацыйныя), якія дазва­ляюць не толькі паспяхова засвойваць праграмны матэрыял, але і перажываць радасць пазнання новага і імкнуцца да нязведанага. Заўсёды памятаю, што пазнанне ідзе ад простага да складанага, ад вядомага да невядомага, ад блізкага да далёкага, ад апісання да тлумачэння.  

За час работы ў школе Юлія Юр’еўна зразумела, што кожнае дзіця — асоба. Адным для шчасця на ўроку трэба добрая адзнака, другім — цікавае заданне, трэцім — добры позірк.

— У педагагічнай дзейнасці імкнуся да таго, каб кожны вучань адчуваў сябе паспяховым, — прызнаецца настаўніца. — Такі падыход дапамагае маім маленькім першаадкрывальнікам быць упэўненымі як на ўроках, так і на конкурсах і прадметных алімпіядах. Так, трэцякласнік Арцём Кібук заняў у мінулым навучальным годзе 3-е месца на раённай алімпіядзе па беларускай мове.

Ю.Ю.Кахновіч з’яўляецца класным кіраўніком і добра ўсве­дамляе вялікую адказ­насць не толькі перад дзецьмі, але і перад іх бацькамі і грамадствам у цэлым: “Мая задача — стварыць умовы для развіцця творчай асобы. Рэалізаваць гэтую задачу дапамагае калектыўная творчая дзейнасць. Пры правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё самастойнасці, пашырэнне кругагляду і пазнавальных магчымасцей вучняў, улічваю іх інтарэсы, здольнасці і ўзроставыя асаблівасці”.

Клас Юліі Юр’еўны актыўна ўдзельнічае ў школьных мерапрыемствах. Выхаванцы педагога — пераможцы конкурсаў на лепшы навагодні выраб і лепшую насценгазету да Дня маці.

— Мы вельмі любім падарожнічаць па родным краі, — расказвае Ю.Ю.Кахновіч. — Пабывалі ўжо ў некалькіх цікавых музеях. Гэта пашырае сацыяльны вопыт вучняў, фарміруе ў іх актыўную жыццёвую пазіцыю.

Да класных творчых спраў настаўніца далучае бацькоў вучняў, якія сваім прыкладам лепш за ўсё ўплываюць на фарміраванне важных асобасных якасцей і згуртаванне калектыву. Разам з мамамі і татамі выхоўвае ў вучняў навыкі здаровага ладу жыцця, любоў да народных традыцый і абрадаў, дабрыню і міласэрнасць, беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў.

— Настаўнік павінен быць прафесіяналам сваёй справы, — упэўнена Юлія Юр’еўна. — Гэтая прафесія патрабуе пастаяннага ўдасканалення майстэрства, таму актыўна ўдзельнічаю ў вучэбных і практычных семінарах, прафесійных конкурсах. Так, самай значнай прафесійнай праверкай для мяне стаў уд зел у конкурсе “Творчасць маладых педагогаў”, арганізаваным навукова-метадычным часопісам “Пачатковая школа” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. У намінацыі “Працуем у беларускамоўнай школе” я распрацавала ўрок па матэматыцы ў 2 класе па тэме “Гадзіна. Мінута” і атрымала за яго дыплом І ступені. Акрамя таго, удзель­нічала ў раённай канферэнцыі педагогаў “Ініцыятыва, творчасць, самаразвіццё — умова фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў”, дзе выступіла з дакладам “Прафесійная спроба — шлях да ўсвя­домленага выбару прафесіі”. У 2017 го­дзе перамагла ў раённым спаборніцтве сярод маладых спецыялістаў сацыяльнай сферы. Летась удзельнічала ў конкурсе на лепшы ўрок (пазакласнае мерапрыемства) пра Саюзную дзяржаву, для якога распрацавала план пазакласнага мерапрыемства “Дзве сястры — Бе­ларусь і Расія: агульная гісторыя, культура, лёс”.

На думку Ю.Ю.Кахновіч, педагог, які перастаў развівацца і шукаць, становіцца нецікавым для дзяцей. А ў школе не павінна быць сумна. Выхоўваючы ў вучняў актыўную жыццёвую пазіцыю, настаўніца імкнецца і сама быць актыўнай. Так, летась у рамках V фестывалю этнаграфічных традыцый “Покліч Палесся” яна ўдзельнічала ў конкурсе прыгажосці “Палеская прыгажуня”, па выніках якога была адзначана спецыяльным прызам.

— Добра разумею, што зрабіць на сваім педагагічным шляху давядзецца яшчэ шмат, але гэта не пужае. З нецярпеннем чакаю званка на ўрок, каб убачыць цікаўныя вочы любімых вучняў і адправіцца з імі ў краіну ведаў, дзе нас чакаюць і радасці, і поспехі, і цяжкасці. Гэты выбар зрабіла сама і лічу яго правільным, — падагульняе Юлія Юр’еўна. 

 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ

16.05.2019 “Настаўніцкая газета”